«Аль-Джазіра»: іранскі арсенал зброі знішчаны за лічаныя дні
7- 17.03.2026, 17:45
- 15,232
Стратэгія ЗША і Ізраіля паспяховая.
Сайт тэлеканала «Аль-Джазіра» публікуе артыкул доктара кафедры палітыкі і стратэгіі Інстытута вышэйшай адукацыі ў Досе Мухамада Селума. Эксперт заяўляе пра поспех амерыкана-ізраільскай стратэгіі у дачыненні да Ірана, піша newsru.co.il.
«Калі засяродзіцца на тым, што адбываецца з інструментамі іранскай сілы: балістычным арсеналам, ядзернай інфраструктурай, супрацьпаветранай абаронай, флотам і сатэлітамі, мы атрымаем карціну сістэматычнага знішчэння пагрозы, на якую папярэднія адміністрацыі ЗША закрывалі вочы дзесяцігоддзямі», — падкрэслівае ён.
Паводле эксперта, створаны на працягу дзесяцігоддзяў іранскі арсенал зброі знішчаны за лічаныя дні, інтэнсіўнасць абстрэлаў істотна скарацілася. Разбурваецца ваенна-прамысловы комплекс Ірана, у тым ліку канструктарскія бюро.
Іран стаіць перад дылемай — працягваць абстрэлы і страціць тое, што засталося, або зберагчы ракеты і БПЛА, але тым самым знізіць цану вайны, адмовіўшыся ад галоўнага рычага ціску. Гэта прыкмета слабасці, а не сілы.
Па словах Селума, напярэдадні 12-дзённай вайны Іран знаходзіўся за дзве тыдні ад атрымання ўрана, узбагачанага да ўзроўню, неабходнага для стварэння ядзернай зброі. Рэжым спрабаваў ліквідаваць шкоду, нанесеную ў чэрвені, выкарыстоўваючы перамовы, каб выйграць час, дэманструючы паказную гатоўнасць да дыялогу.
Перакрыццё Армузскага праліва заўсёды было галоўнай пагрозай Ірана, але цяпер, нягледзячы на рост коштаў на энерганосьбіты, ідзе сістэматычнае знішчэнне ўсёй інфраструктуры, неабходнай для яго перакрыцця. Акрамя таго, менавіта Іран найбольш уразлівы да блакады і фактычна перакрывае дыханне самому сабе. Адкрыццё праліва — пытанне часу, але не факт, што сам Іран зможа ім карыстацца.
«Крытыкі лічаць, што кошт бяздзеяння быў бы нулявы. Але гэта не так. Бяздзеянне прывяло б да з'яўлення ядзернага Ірана, які змог бы перакрыць праліў і, разам з сатэлітамі, узяць увесь рэгіён у закладнікі — назаўсёды. Стратэгія, якая вымяраецца пазбаўленнем патэнцыялу, а не публікацыямі ў навінах, працуе», — упэўнены эксперт.