Хто тыя паліцэйскія, якія спынілі стралка ў Кракаве
1- 8.11.2026, 21:16
- 1,794
Якуб Кулік і Артур Мораньскі рызыкавалі жыццём дзеля выратавання людзей.
Паліцэйскія Якуб Кулік і Артур Мораньскі першымі ўступілі ў прамое супрацьстаянне з узброеным 24-гадовым мужчынам, які адкрыў агонь у цэнтры Кракава. Яны не адступілі перад нападнікам, былі паранены і ў цяжкім стане дастаўлены ў бальніцу. У нядзелю абодвух вывелі з медыкаментознай комы, піша Tvn24.pl.
Абодва служаць у патрульна-інтэрвенцыйным падраздзяленні I камісарыята Кракава. Адзін з іх працуе ў паліцыі паўтара года, другі — два з паловай.
Да службы ў паліцыі Якуб Кулік быў вайскоўцам і добраахвотным пажарным. Ён служыў у 6-й паветрана-дэсантнай брыгадзе і 18-м Бельскім паветрана-дэсантным батальёне. З кастрычніка 2022 года Кулік праходзіў службу ў войску: спачатку добраахвотную, потым прафесійную. У 2023 годзе ён больш за тры месяцы служыў на мяжы.

У добраахвотную пажарную службу Лешчыны Кулік прыйшоў у 16 гадоў — спачатку ў моладзевую дружыну. У 18 гадоў ён завяршыў базавую падрыхтоўку і пачаў удзельнічаць у выратавальных аперацыях. Пазней сам пачаў займацца з маладымі пажарнымі.
«З-за службы яго стала крыху меней, але ён па-ранейшаму наш таварыш. Калі бывае на месцы, выязджае з намі на здарэнні і дапамагае», — распавёў кіраўнік добраахвотнай пажарнай службы Кшыштаф Цымерман.
Разам яны тушылі пажары, дапамагалі падчас паводак, прыбіралі з дарог дрэвы, паваленыя ўраганным ветрам.
«Гэта чалавек, які цалкам аддаецца сваёй справе. Ён вельмі актыўны, заўсёды праяўляў высокія грамадзянскія якасці. Калі яму нешта даручалі — ён рабіў. Звычайны хлопец, не герой у плашчы», — сказаў Цымерман.

Навіна пра цяжкае раненне Куліка ўзрушыла яго таварышаў-пажарных.
«Спачатку былі шок і недавер, потым — гонар, што гэта наш таварыш. Не кожны паступіў бы так», — дадаў ён.
Артур Мораньскі родам з Паўрожніка ў гміне Мушына. Больш чым год таму ён ажаніўся і пераехаў у Кракаў. У роднай вёсцы па-ранейшаму жывуць яго бацькі і брат з сястрой.

«Яго ўчынак — прыклад велізарнага гераізму. Жыццё — самае каштоўнае, што можна аддаць дзеля чыёйсьці бяспекі, дзеля службы. Мы верым, што ўсе параненыя паліцэйскія акрыяюць», — сказала стараста вёскі Крысціна Цеслік.
Прэзідэнт Кракава Лукаш Гібала ужо звярнуўся ў гарадскую раду з просьбай у тэрміновым парадку надаць Куліку і Мораньскаму званні ганаровых грамадзян горада.
Нагадаем, 7 лістапада ў цэнтры Кракава адбылася страляніна. Двое паліцэйскіх, рызыкуючы жыццём, уступілі ў супрацьстаянне з узброеным нападнікам і дапамаглі яго затрымаць. Абодва атрымалі цяжкія раненні і застаюцца пад наглядам лекараў.