Стральба ў Кракаве: супрацоўнікі музея выратавалі дзясяткі людзей
- 7.11.2026, 23:28
- 2,492
Дырэктар музея раскрыў падрабязнасці.
На Галоўнай рынкавай плошчы ў польскім Кракаве адбылася стральба. Некалькі дзясяткаў чалавек схаваліся ад нападніка ў палацы Кшыштафоры (Pałac Krzysztofory), дзе месціцца Музей Кракава, побач з Галоўнай рынкавай плошчай.
Пра гэта паведаміў дырэктар установы Міхал Незабітоўскі. Напад пачаўся непасрэдна каля будынка музея, перадае tvn24.pl.
Як вынікае з запісаў камер відэаназірання, канфіскаваных паліцыяй, злачынца ўехаў на Галоўную рынкавую плошчу, пасля чаго адкрыў з аўтамабіля агонь па мінаках.
Усё гэта адбывалася непасрэдна побач з палацам Кшыштафоры — філіялам Музея Кракава, у якім таксама знаходзіцца дырэкцыя ўстановы.
Дырэктар музея, доктар Міхал Незабітоўскі, падкрэсліў, што менавіта ў гэтым будынку схавалася частка мінакоў, якія ў той момант былі паблізу.
— Супрацоўнікі Музея Кракава неадкладна ўпусцілі ў палац Кшыштафоры людзей, якія ратаваліся ад нападніка. Яны аказалі ім дапамогу. На шчасце, ніхто з тых, хто забег да нас, не атрымаў агнястрэльных параненняў. Аднак усе знаходзіліся ў стане наймацнейшага шоку. Адразу пасля таго, як людзі апынуліся ўнутры, супрацоўнікі зачынілі будынак, каб не дапусціць яшчэ большай трагедыі, — расказаў Незабітоўскі.
Дырэктар падкрэсліў, што ў музей забеглі некалькі дзясяткаў чалавек.
— Ім аказалі падтрымку, прапанавалі ежу і напоі, — дадаў ён.
— Я дагэтуль трымчу пасля таго, што здарылася. Усяго за 40 хвілін да гэтага я стаяў на тым месцы, адкуль страляў злачынца, — расказаў Міхал Незабітоўскі.