Беларускі лекар-палітэмігрант стаў адным з самых яскравых персанажаў польскага серыяла
- 7.11.2026, 9:34
- 2,358
На ягонай спіне выжжанае слова «здраднік».
Гісторыя беларускага лекара, які вымушана пакінуў радзіму пасля пратэстаў, стала адной з сюжэтных ліній польскага серыяла «Анестэзія» (Znieczulenie), які выйшаў на стрымінгавай платформе Netflix. Яна паказвае драму многіх таленавітых беларускіх медыкаў, якім з-за «палітыкі» зноў давялося пачынаць кар’еру з самага нізу ў чужой краіне. У серыяле таксама ўзгадваецца міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, піша MOST.
Прэм’ера медыцынскай драмы рэжысёра Лукаша Остальскага (Łukasz Ostalski) адбылася 4 верасня 2026 года.
Паводле сюжэту серыяла доктар Лазар, якога іграе Лешэк Ліхота, — выбітны польскі нейрахірург. Аднак ягоная кар’ера ў Варшаве аказваецца пад пагрозай пасля смелай, але няўдалай аперацыі на галаўным мозгу маладога мужчыны. У выніку ён пераязджае ў Сувалкі — горад у Падляскім ваяводстве, каля 60 кіламетраў ад беларускай мяжы. Там ён уладкоўваецца ў мясцовую бальніцу.
«Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі»
Беларускі лекар Алег Кавалёў (яго іграе ўкраінскі акцёр Андрэй Журавскі) — не цэнтральны, але яскравы персанаж. Праўда, паводле сюжэту ў Польшчы ён не можа працаваць урачом і пераважна прыбірае ў бальніцы.

У першай серыі ён дапамагае галоўнаму герою прымаць пацыента, якога толькі што ў цяжкім стане даставіла хуткая дапамога.
— Падобна на кантузію міякарда, — кажа беларус.
— А ты адкуль ведаеш? — дзівіцца нейрахірург.
— Я кардыяхірург. Быў ім у Беларусі. Тут я толькі прыбіраю, — адказвае той.
Пазней Алег кажа, што ўжо падаў дакументы на дзяржаўны экзамен, патрэбны для вяртання ў прафесію. Збіраецца здаваць праз паўгода. «Гэта вельмі доўга. Да таго часу пальцы аднямеюць, хлопча», — кажа яму доктар.
Паводле сюжэту Алег прыехаў у Польшчу, адседзеўшы на радзіме за «палітыку». На паясніцы ў яго велізарны шнар — выжжанае слова «здраднік» (менавіта па-беларуску). Так стваральнікі польскага серыяла адлюстравалі тое, што герою давялося перажыць у турме.
Алег Кавалёў — калі не сабіральны вобраз беларускага палітэмігранта, дык дакладна той, хто спрабуе данесці калектыўны боль. Яго мучаць начныя кашмары, здараюцца ўспышкі агрэсіі. Тлумачачы свой стан, ён кажа: «Кожны другі апазіцыянер мае трывожны разлад».
Беларускі лекар у серыяле паказаны чалавекам, які востра адчувае чужы боль. Але пры ўсім высакародстве і прафесіяналізме Кавалёў — персанаж не ідэальны. Не спраўляючыся з перажытай траўмай, ён сярод белага дня крадзе псіхатропныя прэпараты, адцягваючы ўвагу калегі фліртам. Потым адна з супрацоўніц знаходзіць Алега, які ляжыць на каталцы ў паўсвядомым стане. Пазней падчас сутычкі з калегам з яго кішэні выпадае амаль пустая ўпакоўка псіхатропу.
Міграцыйны крызіс у серыяле
У чацвёртай серыі раптоўна падымаецца тэма міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Стваральнікі серыяла не засяроджваюць увагу на ягоных палітычных прычынах, ставячы ў цэнтр сюжэту драму мігрантаў.
Сужэнская пара выпадкова знаходзіць у лесе цёмнашкурую дзяўчынку і выклікае хуткую дапамогу. Разам з брыгадай медыкаў на месца здарэння накіроўваецца і нейрахірург Лазар, які апынуўся паблізу. Дзяўчынка ў крытычным стане: у яе няма пульсу і дыхання, а сэрца спыняецца. Аднак рэанімацыя дазваляе вярнуць дзіця да жыцця.
У бальніцы дзяўчынка па імені Раня прыходзіць да прытомнасці. Алег Кавалёў аказваецца ў гэты момант побач з ёй — і з дапамогай анлайн-перакладчыка даведваецца, што ў лесе засталася маці мігранткі. Ён самастойна адпраўляецца на яе пошукі.
Што ты рабіў у Беларусі? — Хацеў нешта змяніць
Знайшоўшы мігрантку ў лесе, Кавалёў бачыць, што яна параненая ў грудзі і мае патрэбу ў хірургічным умяшанні з-за скаплення вадкасці ў перыкардзе. Алег звяртаецца да Лазара па дапамогу і пераконвае яго правесці аперацыю ў падвале бальніцы, каб пра жанчыну не даведаліся і не дэпартавалі іх з дачкой у Беларусь. У выніку Кавалёў, які на той момант не аперыраваў ужо 10 месяцаў, праводзіць аперацыю сам, а паляк яму асіструе.
— А што ты ўвогуле рабіў у Беларусі? — пытае польскі ўрач.
— Верыў у многія рэчы. Хацеў нешта змяніць.
— Але ўжо не верыш?
Гэтае пытанне застаецца без адказу. А аперацыя праходзіць паспяхова.
Як паказаныя Беларусь і адносіны з палякамі
Нягледзячы на спрэчныя ўчынкі беларускага ўрача, польскія калегі яго падтрымліваюць і прызнаюць яго прафесіяналізм нават без афіцыйных дакументаў. А псіхіятр, да якога ён трапляе, спрабуе дапамагчы яму справіцца з прывідамі мінулага і залежнасцю.
Пра Беларусь глядач даведваецца са слоў Кавалёва. «Ты не ведаеш, як у нас у Беларусі. З Польшчы не бачна, але дома шмат людзей, якія хочуць, каб наша краіна была іншай», — распавядае ён свайму псіхіятру.
Хто іграе беларуса
Ролю беларускага лекара ў серыяле выканаў 31-гадовы ўкраінскі акцёр Андрэй Журавскі. Ён нарадзіўся ў Львове. Акторскую адукацыю атрымаў у Кіеўскім нацыянальным універсітэце тэатра, кіно і тэлебачання імя І. К. Карпенка-Карага.