Лукашэнка прадае былую рэзідэнцыю
3- 6.11.2026, 13:46
- 2,716
Яна знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Віцебска.
Пад Віцебскам прадаецца былая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, заўважыла «Віцебская вясна».
Афіцыйная назва аб'екта на сайце Віцебскага цэнтра нерухомасці — база адпачынку «Крупеніна». Цана яшчэ не названа.

База адпачынку знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Віцебска на беразе возера Бараўна, гэта недалёка ад мяжы Віцебскага і Бешанковіцкага раёнаў. Яе пабудавалі ў 2000 годзе, тут якраз адпачываў Аляксандр Лукашэнка падчас візітаў на фестываль «Славянскі базар». Таксама тут прымалі замежныя дэлегацыі, а крыху пазней — найбольш любімых Лукашэнкам артыстаў, удзельнікаў таго ж віцебскага фестывалю.

З 2014 года тут размяшчалася рэабілітацыйнае аддзяленне Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра, з сакавіка 2020‑га — аддзяленне рэабілітацыі для асоб, якія перанеслі COVID‑19. Са снежня 2023 года базай адпачынку валодала ААТ «БелВітуніфарм», у верасні 2025 года аб'ект перадалі ў ўласнасць Віцебска.

Маёмасць размешчана ў маляўнічай мясцовасці на тэрыторыі больш за 10 га за высокім плотам.
