Грамадзяніна Індыі, які працаваў у Мінску, падманам завербавалі ў армію РФ
- 6.11.2026, 14:24
- 1,512
Яму далі пазыўны Шэр-Хан і хочуць адправіць на перадавую.
Грамадзяніна Індыі Ашыша Сінгха, які прыбыў у Беларусь на заробкі, падманам завербавалі ў армію Расіі. Яму далі пазыўны Шэр-Хан і рыхтуюць да адпраўкі на вайну супраць Украіны. Занепакоеныя сваякі іншаземца праз дыпламатаў спрабуюць вярнуць блізкага на радзіму, піша The Times of India.
Мужчына знайшоў працу ў Беларусі праз агента і 8 чэрвеня 2026 года пакінуў Індыю. Паводле звестак ягоных блізкіх, першы час Ашыш працаваў на ферме ў адным з беларускіх рэгіёнаў.
«Сям'я сцвярджала, што яму не выплацілі абяцаную зарплату, пасля чаго ён пайшоў на будоўлю, а потым пераехаў у Мінск у пошуках лепшых магчымасцяў», — перадае The Times of India.
У беларускай сталіцы Ашышу прапанавалі працу ў Расіі. Паводле звестак блізкіх, мужчыну падманам «прымусілі падпісаць дакументы, звязаныя з вайсковай службай, і перавезлі ў расійскі вучэбны цэнтр». Там яму прысвоілі пазыўны Шэр-Хан і папярэдзілі, што неўзабаве яго могуць адправіць на перадавую.
Пасольства Індыі ў Маскве звярнулася ў Міністэрства абароны Расіі з патрабаваннем вызваліць Ашыша Сінгха, піша The Times of India.
Раней стала вядома, што пасольства Кіргізстана ў Маскве накіравала ў МЗС РФ ноту з заклікам вярнуць на радзіму грамадзяніна сваёй краіны, які быў завербаваны ў расійскую армію «ў выніку махлярскіх дзеянняў з боку неўстаноўленых асоб». Ён таксама ехаў у РФ на працу, але апынуўся ў Узброеных сілах РФ.
Да гэтага пры падобных абставінах вяртання суайчыннікаў ад Крамля дамагліся ўлады Казахстана.