6 лiстапада 2026, Пятніца, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку будуць прыбіраць з парадку дня

1
Лукашэнку будуць прыбіраць з парадку дня

Большасць кангрэсменаў ЗША не збіраецца супрацоўнічаць з дыктатарам.

Дырэктар даследчых праграм па Расіі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс у інтэрв’ю «Філіну» распавёў пра тое, якім будзе беларуска-амерыканскі трэк у новых палітычных рэаліях ЗША.

— Пасля прамежкавых выбараў глыбіня ўнутранага крызісу ў ЗША стала больш зразумелай, — адзначыў палітолаг Аркадзь Мошэс. — Вайна ў Іране, вар’яцкае гандлёва-эканамічнае супрацьстаянне з такімі краінамі, як Канада, якога ніколі не было і не павінна было быць, — гэта наступствы праўлення Трампа. Амерыканцы атрымалі слана ў краме посуду.

Ёсць верагоднасць, што цяпер Кангрэс сур’ёзна возьмецца за выпраўленне таго, што «наламаў» Трамп, можа быць, паспрабуе скасаваць нейкія моманты, але ўсё роўна змяніць усё, вярнуць назад яны не змогуць.

— Аднак важна, што яны самі нарабілі і самі ж спрабуюць выпраўляць. А як наконт адносінаў з Беларуссю?

— Лукашэнка пераседзеў шмат амерыканскіх прэзідэнтаў, не выключана, што перасядзіць і Трампа. Што да беларуска-амерыканскага кейса, то цяпер, думаю, увага да яго моцна аслабне.

Яна будзе залежаць ад двух стратэгічных фактараў. Першы — тое, як у Амерыкі пойдуць адносіны з Расіяй. І другі — гэта, безумоўна, нейкі прагрэс у дасягненні міру ва Украіне.

Калі кантэкст па гэтых двух пытаннях пачне змяняцца, Беларусь да пэўнага моманту будзе заставацца ў парадку дня. Калі ж на першы план выйдуць Блізкі Усход з яго эканамічнымі наступствамі і Кітай, адпаведна, постсавецкая прастора адыдзе на другі план.

У той жа час, калі расійска-амерыканскі трэк усё ж працягнецца, то абавязкова паўстане і пытанне, што рабіць з Беларуссю. Могуць, вядома, усё цалкам аддаць на водкуп Расіі і не ўвязвацца.

— А вызваленне нашых палітвязняў можа ўзнікнуць у нейкім кантэксце?

— На мой погляд, місія Коула ўжо адыграная. Пасля апошняга абмену, які, відавочна, быў правальным, я меркаваў, што яму знойдуць іншую працу. Так і сталася.

Ён можа стаць спецпрадстаўнікам па справах закладнікаў. Яго мандат нібыта пашырыцца да сусветнага маштабу. Але пры гэтым звязка «Коул роўна Беларусь» моцна аслабла.

Цяпер непазбежна паўстане пытанне пра Дзяржсакратара ЗША. Наўрад ці гэтую пасаду, якую павінен зацвярджаць Кангрэс, пакінуць за Рубіо.

Калі будзе новы Дзяржсакратар, ва ўсім знешнепалітычным блоку, у тым ліку і па спецпрадстаўніках, могуць адбыцца змены, і Коула ўвогуле ў пэўны момант могуць зняць.

Тым больш, як сказаў, хваліцца пасля апошняга этапу працы ў Беларусі яму няма чым: пачалі з вызвалення сотняў, скончылі дзясяткамі.

— Але вызваленне людзей заўсёды было прыярытэтам амерыканскай знешняй палітыкі, хто б ні быў пры ўладзе.

— Яны маглі абменьваць сваіх грамадзян, але каб масава вызвалялі закладнікаў для іншых краін — не прыгадаю. Гэта вельмі няўдзячная праца.

Адна справа — вызваліць кагосьці ўзроўню Нэльсана Мандэлы. Якое яшчэ вызваленне дазволіць набраць балы ў выбарцаў?

— Ішла гаворка нават пра вызваленне ўсіх палітвязняў з Беларусі.

— Мала ці пра што калісьці вялася гаворка. Трамп і вайну хацеў за паўгадзіны спыніць. Я б пакуль не плекаваў ілжывых надзеяў.

Іншая справа, што дагэтуль дзейнічае «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» (Belarus Democracy Act), які прымаецца Кангрэсам.

З 2004 года яго не скасоўвалі, а толькі пашыралі і пацвярджалі. Атрымліваецца, што ў большасці кангрэсменаў, нават папярэдніх скліканняў, не было ніякіх разночытанняў на тэму Беларусі. Яны з Лукашэнкам супрацоўнічаць не збіраліся.

Большасць зыходзіла з таго, што таргавацца з рэжымамі, для якіх «валютай» з’яўляюцца палітвязні, — справа загадзя прайгрышная, бо адных будуць выпускаць, а другіх — саджаць.

Трамп не ўваходзіў у лік гэтых людзей, ён вызначаўся цынізмам, але не прагматызмам. Як ужо сказаў, ён узяўся вызваляць людзей: пачаў са сотняў, але скончыў дзясяткамі.

— А што чакае гучную здзелку па калійных угнаеннях?

— Думаю, тое самае, што і са здзелкамі з РФ. Што адбылося з расійскім дызелем? Усе баяцца яго купляць, асцерагаючыся, што Кангрэс прыме новы закон, і ў тых, хто рызыкнуў гандляваць з Расіяй, будуць праблемы.

Могуць баяцца цяжкіх шматгадовых судовых разбіральніцтваў. Думаю, па беларускіх калійных угнаеннях узнікаюць тыя ж думкі. Там яшчэ і аб’ёмы ніякія, і Еўропа адмовілася абслугоўваць гэты транзіт, і яна не зменіць сваёй пазіцыі.

— Што да Еўропы, усё больш чуваць галасы тых, хто звяртаецца да ЕС з просьбай разам з Амерыкай або нават замест Амерыкі працягваць вызваленне людзей. Як вы ацэньваеце такую перспектыву?

— Пэўны шанец на гэта існуе, але невялікі. Думаю, у Еўропе няма адзінства ў гэтым пытанні, бо ёсць краіны, якім у цэлым усё роўна, а ёсць тыя, каму не ўсё роўна, але яны, як правіла, займаюць вядомую пазіцыю.

Перадусім тут суб’ектнымі будуць суседзі: пазіцыя Літвы відавочная, яшчэ больш радыкальная пазіцыя ў Латвіі, у Польшчы нібыта былі нейкія намёкі, але ў цэлым нічога не змянілася.

То-бок, калі непасрэдныя суседзі не бачаць практычнага сэнсу ў «гандлі палітвязнямі», то, думаю, напрыклад, немцы ці французы моцна настойваць не будуць, бо ім ёсць чым займацца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲