У Мінску ў тэставым рэжыме запусцілі аплату праезду банкаўскімі карткамі
5- 19.11.2026, 21:42
Як кантралёры будуць правяраць квіткі.
У Мінску з 19 лістапада запрацавала аплата праезду банкаўскімі карткамі ў наземным грамадскім транспарце — праўда, пакуль у тэставым рэжыме і толькі ў аўтобусах, тралейбусах і трамваях, абсталяваных валідатарамі з вадкакрышталічным экранам, паведаміў «Мінсктранс».
Для аплаты дастаткова прыкласці банкаўскую картку да валідатара і дачакацца пацвярджэння, што плацёж прайшоў паспяхова. Разлічыцца за праезд можна таксама смартфонам праз NFC з дапамогай сэрвісаў «Белкарт Pay», Apple Pay і Samsung Pay.
«Звяртаем увагу пасажыраў, што аплата праезду банкаўскай карткай ажыццяўляецца ў тэставым рэжыме. У сувязі з гэтым пацвярджэнне факту аплаты пры праверцы ажыццяўляецца выключна шляхам паўторнага прыкладання карткі да валідатара, заблакіраванага кантралёрамі», — паведамілі ў «Мінсктрансе».
Пры гэтым новая магчымасць даступная не ва ўсім наземным транспарце сталіцы, а толькі там, дзе ўсталяваныя адпаведныя валідатары.