СМІ: Украіна незаўважна паразіла мэту, якая яшчэ важнейшая, чым Крымскі мост
8- 18.11.2026, 16:21
- 38,754
Дабрацца з Растова ў Крым па сушы стала значна складаней.
У ноч на 17 лістапада Украіна ўдарыла не толькі па Крымскім мосце, але і па мосце праз раку Міус на трасе «Наварасія» ў Растоўскай вобласці. Гэты мост — частка сухапутнага маршруту ў Крым.
Пасля абрушэння аўтамабільнай часткі Крымскага моста траса «Наварасія» засталася адзінай дарогай на паўвостраў, а значыць, удар па ёй можа апынуцца нават важнейшым. Пра гэта пішуць заходнія ваенныя аналітыкі, піша «Дыялог.UA».
«З ваеннага пункту гледжання гэта падзея мае большае значэнне, чым знішчэнне Крымскага моста», — заявіў кіраўнік польскага аналітычнага цэнтра Rochan Consulting Канрад Музыка.

Удар — частка серыі атак на масты ў Растоўскай вобласці, якія ўсё мацней адразаюць Крым ад Расіі. Нямецкі ваенны блогер Энды Шнайдэр сцвярджае, што ЗСУ «знішчылі» мост, і цяпер транспарту даводзіцца ехаць у аб'езд, праз 58 кіламетраў.
Аб'ездны шлях больш небяспечны за прыбярэжную трасу паміж Таганрогам і Марыупалем, лічыць OSINT-аналітык пад нікам Intelschizo.
«Цяпер увесь аўтамабільны транспарт вымушаны рухацца па паўночным аб'ездным маршруце працягласцю 58 км праз Мацвееў Курган. У выніку транспартныя калоны апынаюцца непасрэдна ў зоне дзеяння ўдарных беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца Украінай у межах кампаніі удараў на сярэднюю далёкасць», — піша ён.
Украіна б'е па сухапутным маршруце ў Крым з канца вясны, адзначае французскі OSINT-аналітык Клеман Молэн. На трасе знішчаны сотні грузавікоў, атакаваныя ўсе масты, якія злучаюць Крым з Херсоншчынай.

Таму большую частку тавараў і прадуктаў везлі праз Крымскі мост або на паромах, якіх у страі, паводле даных Молэна, засталося чатыры.
У апошнія дні пад удар трапілі масты ў Растове-на-Доне і ў раёне Таганрога, некалькі мастоў ля мяжы пашкоджаныя. Дабрацца з Растова ў Крым па сушы стала значна складаней, падсумоўвае Молэн.