Расіі пагражае «дэпапуляцыя на дзесяцігоддзі»
- 19.11.2026, 21:14
Пуцін знішчыў і пакалечыў на вайне ўжо 3% мужчынскага насельніцтва краіны.
Каля 3% мужчынскага насельніцтва Расіі загінулі або сталі калекамі на вайне з Украінай. Такую ацэнку на падставе ўцечкі даных Расстата прыводзіць эканаміст Яніс Клюге, кіраўнік даследаванняў Усходняй Еўропы і Еўразіі Нямецкага інстытута міжнародных адносін і бяспекі, перадае The Moscow Times.
Паводле разлікаў Клюге, вайна стала прычынай смерці 1% расійскіх мужчын ва ўзросце ад 20 да 60 гадоў. Удвая больш — за пяць гадоў баявых дзеянняў — сталі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.
Летась кожная трэцяя смерць мужчыны працаздольнага ўзросту — усяго 139,5 тысячы смерцяў — была звязаная з вайной, вынікае з даных Клюге. На фронце загінула больш мужчын, чым ад раку і сардэчна-сасудзістых захворванняў разам узятых (19,1% і 7,1% смерцяў адпаведна).
Сапраўдная доля смерцяў на вайне яшчэ вышэйшая, лічыць эксперт. У скрадзеных хакерамі даных Расстата 16,7% летальных зыходаў аднесены да катэгорыі з «неўстаноўленымі прычынамі». Хутчэй за ўсё, гэта таксама загінулыя на вайне, піша Клюге, а разам з імі доля франтавых смерцяў дасягае 50%.

Расія і без вайны перажывала цяжкі дэмаграфічны крызіс. За 10 гадоў пасля анексіі Крыму колькасць нараджэнняў дзяцей зменшылася на трэць — з 1,9 да 1,2 млн на год. А летась, паводле ацэнак дэмографа Аляксея Ракшы, адкацілася да мінімумаў з мяжы XVIII–XIX стагоддзяў. Натуральная ўбыль насельніцтва за той жа час склала амаль 4 млн чалавек.
Вайна рэзка пагаршае сумныя тэндэнцыі: яна не проста паскарае скарачэнне насельніцтва, але і рэзка памяншае наступны дэмаграфічны ўздым, вядзе краіну да дэпапуляцыі на дзесяцігоддзі, сказаў пецярбургскі дэмограф, які пажадаў застацца ананімным.
«Вайсковыя страты прыпадаюць на перыяд, калі ў рэпрадуктыўны ўзрост уступаюць адносна шматлікія пакаленні, народжаныя ў 2000-х і пачатку 2010-х гадоў, калі адбыўся чарговы ўздым расійскай дэмаграфічнай хвалі. Менавіта гэтыя пакаленні маглі б хаця б часткова кампенсаваць наступствы правалу нараджальнасці 1990-х. Але вайна знішчае частку мужчын, якія маглі б ствараць сем'і і выхоўваць дзяцей», — тлумачыць эксперт.
«Да прамых страт дадаюцца эміграцыя, якую ў сукупнасці можна ацаніць не менш як у 1 млн чалавек, інвалідызацыя, гэта значыць абмежаваная працаздольнасць і, адпаведна, абмежаваная магчымасць утрымліваць сям'ю, а таксама ненароджаныя дзеці», — дадае ён.
Расійскія ўлады з пачатку 2025 года выдалілі з публічнага доступу амаль усю дэмаграфічную статыстыку — ад нараджальнасці і смяротнасці да колькасці шлюбаў і разводаў. Нават колькасць насельніцтва Расіі атрымала грыф «сакрэтна».
Паводле апошніх даступных даных, на 1 студзеня 2025 года ў Расіі пражывала 146,12 млн чалавек. Базавы прагноз Расстата, апублікаваны ў канцы 2024 года, прадугледжваў далейшае скарачэнне насельніцтва — да 138,8 млн чалавек да 2046 года. У «песімістычным» сцэнары Расстата другую палову XIX стагоддзя Расія сустрэне, маючы толькі 130,6 млн чалавек пастаяннага насельніцтва, што адпавядае ўзроўню РСФСР пачатку 1970-х (130 млн) або Расійскай імперыі 1897 года (129 млн).
ААН прагназуе, што да 2050 года колькасць пастаяннага насельніцтва РФ скараціцца да 133 млн чалавек. У выніку Расія вылеціць з топ-10 краін свету па колькасці насельніцтва, прапусціўшы наперад, напрыклад, Рэспубліку Конга, Эфіопію і Мексіку.