Эканаміст: У Беларусі збіраюцца павысіць пенсійны ўзрост для жанчын
86- 18.11.2026, 19:51
- 31,186
Мужчыны і так ледзь дажываюць да пенсіі.
Беларускія ўлады падрыхтавалі змены ў пенсійную сістэму, згодна з якімі плануюць падняць пенсійны ўзрост для жанчын, паведаміў «Белсату» эканамічны аналітык Леў Львоўскі.
У беларускага ўрада ёсць некалькі відавочных рашэнняў, як крыху «залатаць дзірку» ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Паводле слоў Льва Львоўскага, першае з іх — павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын, бо мужчынам павышаць ужо няма куды: яны і так ледзь дажываюць да пенсіі.
«Я ведаю з розных уцечак, што ўрад ужо разглядае праекты аб павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын. Напрыклад, ураўняюць пенсійны ўзрост для мужчын і для жанчын. То-бок у нас жанчыны цяпер і жывуць на 10 гадоў даўжэй, і выходзяць на пенсію на 5 гадоў раней. Ну вось гэта, напэўна, будзе такая першая мера, на якую ўрад пойдзе, каб неяк залатаць дзіркі ў ФСЗН», — лічыць Львоўскі.
Мінулым годам людзі ва ўзросце ад 65 гадоў складалі 18,3% жыхароў Беларусі, і чакаецца, што да сярэдзіны стагоддзя іх доля можа дасягнуць 27,5%. Але павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын можа толькі крыху паменшыць гэтую праблему, а не вырашыць яе.
«Я думаю, што мы можам чакаць павышэння пенсійнага ўзросту, але гэта таксама будзе як латка на плаціне. Можна сапраўды трохі паменшыць гэтую прапорцыю за кошт павелічэння пенсійнага ўзросту. Але гэта заўсёды непапулярная мера, таму ўрады стараюцца адсоўваць гэта як мага далей», — кажа эксперт.
Другі варыянт паменшыць дысбаланс — павялічваць падатковую нагрузку на работнікаў. Але Львоўскі адзначае, што і гэта не вырашыць галоўную праблему — у Беларусі ўсё адно будзе працягвацца старэнне насельніцтва, а на моладзь можа легчы вельмі вялікая падатковая нагрузка.
«Вось цяпер у нас прыкладна 4 пенсіянеры на 10 чалавек працаздольнага ўзросту. Да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба павялічыцца да 7–8 пенсіянераў на 10 чалавек працаздольнага ўзросту. Гэта значыць, з кожнага працоўнага трэба будзе забіраць усё больш і больш падаткаў, адлічэнняў і гэтак далей — нешта трэба будзе забіраць, каб «карміць» гэтых пенсіянераў. Нафты або дыяментаў у Беларусі няма, у нас усё ствараецца чалавечай працай. Дык што сітуацыя цяжкая і будзе станавіцца яшчэ цяжэйшай. Гэта будзе азначаць, што Беларусь стане яшчэ менш канкурэнтаздольнай для, уласна, сваёй жа моладзі, бо яе давядзецца абкладаць усімі гэтымі падаткамі», — кажа Леў Львоўскі.