На саміце АТЭС для выхаду Пуціна замест гімна РФ уключылі «Трэпак»
32- 18.11.2026, 20:32
- 37,334
Гэты народны танец уключае мужчынскія прысядкі і выкіданне ног наперад.
На форуме АТЭС у кітайскім Шэньчжэні падчас выхаду Уладзіміра Пуціна на ўрачыстым прыёме замест расійскага гімна загучала музыка рускага танца «Трэпак» з балета Пятра Чайкоўскага «Шчаўкунчык».
Як заўважылі «Важныя гісторыі», Дональда Трампа аркестр саміту сустрэў гімнам ЗША.
З'яўленне Пуціна пры гэтым вырашылі суправадзіць мелодыяй народнага танца, які ў звыклай традыцыі ўключае мужчынскія прысядкі і выкіданне ног наперад.
Падчас цырымоніі фатаграфавання гаспадар мерапрыемства Сі Цзіньпін не дазволіў Пуціну стаць побач з сабой, указаўшы на месца побач са сваёй жонкай. Побач з ёй Пуцін апынуўся і падчас урачыстай вячэры.
З-за гэтага Пуцін не змог, як планавалася, пагаварыць з Трампам, расказаў памочнік дыктатара РФ Юрый Ушакоў. «Сядзелі яны не побач за сталом, таму за сталом пагаварыць адзін з адным не ўдалося», — расказаў Ушакоў.
Па яго словах, Пуціну ўдалося пагутарыць з «інданезійскім лідарам» і яшчэ з некалькімі людзьмі, назваць якіх Ушакоў не змог. Двухбаковая сустрэча Пуціна і Трампа плануецца ў чацвер пасля пленарнага пасяджэння саміту АТЭС, паведаміў Ушакоў. «Спадзяёмся, што яна будзе карыснай і змястоўнай», — сказаў ён.
Трохбаковая сустрэча Пуціна, Трампа і Сі працягнецца «не больш за гадзіну», паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. «Яна сама па сабе важная. Тры лідары найважнейшых дзяржаў свету збіраюцца разам, падаюць прыклад зносін пры абмеркаванні самых складаных пытанняў», — сказаў ён.