Дэмакраты абавязалі Маска захаваць дакументы пра доступ Украіны да Starlink
4- 14.11.2026, 8:45
- 2,832
Выканаць патрабаванні і адказаць на канкрэтныя пытанні нагляду бізнесмен павінен да 30 лістапада.
Сенатары-дэмакраты абавязалі мільярдэра Ілона Маска захаваць дакументы SpaceX, якія датычацца меркаваных абмежаванняў Starlink для Украіны, бо гэта ў кастрычніку і лістападзе перашкодзіла Узброеным сілам Украіны праводзіць аперацыі.
Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.
Згодна з лістом, з якім азнаёмілася выданне, заканадаўцы патрабуюць ад Маска захаваць усе дакументы і запісы, звязаныя з абмежаваннямі, уведзенымі SpaceX у дачыненні да выкарыстання Украінай спадарожнікавых сэрвісаў Starlink і Starshield.
У лісце адзначаецца, што перабоі ў працы сэрвісаў былі з 13 па 24 кастрычніка, а таксама 12 лістапада, што, у сваю чаргу, ускладнілі правядзенне ваенных аперацый Украіны.
«Абмежаванні, уведзеныя ў кастрычніку і лістападзе, нараджаюць трывожную верагоднасць таго, што гэтыя ўразлівасці захаваюцца нават у сістэмах, на якія разлічвае ўрад ЗША», — напісалі ў лісце да Маска сенатары Жанна Шахін і Крыс Кунс.
Яны таксама раскрытыкавалі «непразрыстасць працэсу прыняцця рашэнняў» і папрасілі Маска паведаміць, ці санкцыянаваў гэтыя абмежаванні хто-небудзь па-за межамі SpaceX.
У прыватнасці, трэба прадаставіць значную частку дакументаў кампаніі, пачынаючы з 1 верасня, уключаючы ўсю перапіску, звязаную са Starlink і Starshield для Украіны, а таксама перапіску непасрэдна паміж Маскам, кіраўнікамі SpaceX, Белым домам або Пентагонам.
Выканаць патрабаванні і адказаць на канкрэтныя пытанні нагляду бізнесмен павінен да 30 лістапада.
Выданне адзначыла, што раней у кастрычніку Маск ужо распарадзіўся запаволіць працу Starlink, але пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў яму і папрасіў адмяніць гэтае рашэнне.
Таксама WSJ дадала, што ў студзені, калі дэмакраты атрымаюць кантроль над Кангрэсам, яны маюць намер пачаць серыю расследаванняў адносна дзеянняў адміністрацыі Трампа ў дачыненні да Украіны.