«Расіяне кідалі зброю і здаваліся ў палон»
- 16.11.2026, 11:20
- 9,386
Новыя падрабязнасці зухвалай аперацыі ЗСУ.
Украінскія памежнікі расказалі, як бралі ў палон расійскіх вайскоўцаў падчас аперацыі «Вівальдзі». Відэа з падрабязнасцямі апублікавала ў Telegram Дзяржаўная памежная служба Украіны. Паводле слоў вайскоўцаў, праціўнік не аказваў супраціву: акупанты кідалі зброю і здаваліся.
У ведамстве паведамілі, што падчас аперацыі 3-ці армейскі корпус разам з прыдадзенымі падраздзяленнямі вызваліў 277 км² і вярнуў пад кантроль Украіны 16 населеных пунктаў. Акрамя таго, сілы абароны істотна папоўнілі абменны фонд. Як бралі палонных байцы памежнай брыгады «Помста», паказана ў відэа.
«Вівальдзі» — наступальная аперацыя 3-га армейскага корпуса ЗСУ на Ліманскім напрамку на поўначы Данецкай вобласці. Яе мэта — выціснуць расійскія войскі з занятых пазіцый, аднавіць кантроль над тэрыторыямі і сарваць планы РФ па далейшым наступе на Славянск і Краматорск.
Раней паведамлялася, што аперацыя сарвала планы расійскіх войскаў па акружэнні ўкраінскага Крэпаснага паяса з поўначы і прасоўванні да Славянска. Аднак расійскае камандаванне не адмовілася ад першапачатковага плану наступлення на Ліманскім напрамку.