Крамлёўскі ваенкар прызнаў бяссілле арміі РФ
- 14.11.2026, 4:35
Каб захапіць Адэсу, у Расіі няма ні сіл, ні сродкаў.
Расійскі прапагандыст Аляксандр Коц фактычна звёў на нішто ўсе крамлёўскія наратывы, наўпрост прызнаўшы няздольнасць Расіі захапіць Адэсу, а таксама заявіўшы, што адэсіты не чакаюць расіян і лічаць сябе ўкраінцамі. Пра гэта Z-ваенкар сказаў у адным з прапагандысцкіх эфіраў, піша Dialog.ua.
Па словах Коца, у РФ няма ні сіл, ні сродкаў для акупацыі Адэсы, а ўсе спробы наступлення на горад абернуцца велізарнымі стратамі для расійскай арміі. Ён адзначыў, што для захопу Адэсы войскам РФ давядзецца акупаваць яшчэ некалькі гарадоў, у тым ліку абласныя цэнтры Херсон і Мікалаеў.
«Я не бачу перадумоў браць Адэсу... Я разумею, што пры цяперашніх рэсурсах, пры цяперашнім становішчы на фронце мы не можам гэтага зрабіць. Каб браць Адэсу, трэба перад гэтым узяць Мікалаеў, каб узяць Мікалаеў — трэба вярнуць Херсон», — заявіў прапагандыст.
Адказваючы на пытанне вядучага пра настроі ў Адэсе, Коц прызнаў, што Расію там ніхто не чакае, асабліва пасля тых удараў, якія РФ наносіць па горадзе з 2022 года.
«Занадта шмат і крыві пралілося, і ўсе гэтыя ўдары. Гэта ўсё адбіваецца на падсвядомасці. Яны (адэсіты — рэд.) лічаць сябе ўкраінцамі», — заявіў прапагандыст, пацвердзіўшы тым самым, што РФ вядзе акупацыйную вайну.