«Так руйнуюцца імперскія міфы»
1- 11.11.2026, 17:22
- 3,082
Як беларусы «захапілі» Threads.
Усё больш жыхароў нашай краіны карыстаюцца роднай мовай пры зносінах у сацсетках. Беларус напісаў у Threads пра свае назіранні.
«Я заўважыў нешта цікавае, — адзначыў ён. — Беларусы захапілі Threads!
Спакойныя, упэўненыя ў сабе, сапраўдныя. Яны размаўляюць, мараць, будуюць планы і нават лаюцца — і ўсё гэта па-беларуску!
Ім адказваюць іншыя беларусы — шчырыя, яскравыя людзі. Далучаюцца і ўкраінцы — па-ўкраінску! І ўсе выдатна разумеюць адно аднаго. Ніякія перакладчыкі не патрэбныя».
Аўтара допісу падтрымалі карыстальнікі з Беларусі і Украіны. Яны, як адзначае сайт Charter97.org, нагадалі пра тое, як адраджэнне роднай мовы звязана з незалежнасцю краіны:
— Дзесяцігоддзямі нам унушалі, што беларускай мовы нібыта не існуе, што ўкраінская — гэта «выдумка», а ўсе мы — «адзін народ». Няма мовы — няма народа. А калі няма народа, можна проста прыйсці, каб «вызваліць» яго і распаўсюдзіць «рускі мір». Такая логіка прывяла да фактычнай акупацыі Беларусі і з’яўлення танкаў на ўкраінскай зямлі.
Але паглядзіце хоць бы на Threads: людзі з Мінска, Гродна, Кіева і Львова размаўляюць на розных мовах, аднак выдатна разумеюць адно аднаго. Яны — суседзі, якія маюць права гаварыць так, як самі хочуць.
— Да мурашак! Абдымкі ад львоўянкі! Дзякуй, што вас так шмат свядомых і класных!
— Калі-небудзь згіне РФ і вусаты таракан, і мы станем яшчэ бліжэй адно да аднаго. Вы ўсё правільна кажаце пра мову. Прывітанне з Харкава! Жыве Беларусь! Героям Слава!
— Я крыху дадам ад сябе. Нашы мовы — украінская і беларуская — гэта фільтр ад расійскай ботафермы. Яны нас не разумеюць, таму што да славян не маюць ніякага дачынення.
— Так руйнуюцца імперскія міфы.