Краіна багатнее, а насельніцтва бяднее: парадокс эканомікі Кітая
- 10.11.2026, 5:31
Сярэдні клас так і не стаў самастойнай грамадскай сілай.
Кітайская эканоміка набліжаецца да адзнакі ў 20 трыльёнаў долараў і неўзабаве можа атрымаць статус эканомікі з высокім узроўнем даходу. Аднак большасць жыхароў краіны па мерках багатых дзяржаў па-ранейшаму жыве бедна, а сярэдні клас так і не стаў самастойнай грамадскай сілай. Гэты разрыў тлумачыцца не толькі эканамічнымі праблемамі, але і палітыкай уладаў, піша Bloomberg (пераклад — сайт Charter97.org).
Пасля ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2001 годзе кітайская эканоміка вырасла з 1,3 трыльёна да амаль 20 трыльёнаў долараў, а экспарт павялічыўся прыкладна ў 13 разоў. З 1978 года краіна вывела з крайняй беднасці каля 800 млн чалавек. Але афіцыйная кітайская мяжа беднасці складала ўсяго 2,30 долара ў дзень. Паводле крытэрыяў Сусветнага банка для краін з даходамі вышэй за сярэднія ў 2022 годзе за мяжой беднасці знаходзілася больш за пятую частку насельніцтва.
Дзяржаўныя выдаткі на сацыяльную падтрымку складаюць каля 10% ВУП — прыблізна палову сярэдняга паказчыка краін АЭСР. Слабыя пенсіі, недастатковае медыцынскае страхаванне і няпэўнасць у будучыні прымушаюць сем’і адкладаць грошы замест таго, каб траціць іх. Спажыванне дамашніх гаспадарак забяспечвае толькі каля 40% ВУП.
Пры гэтым багацце сканцэнтравана ў руках вярхушкі. На 10% самых заможных жыхароў прыпадае каля 68% нацыянальнага багацця. У 2025 годзе сукупнае багацце 1434 кітайцаў з актывамі больш за 5 млрд юаняў вырасла на 42%.
«Некалькімі тысячамі партыйных магнатаў кіраваць прасцей, чым шырокім сярэднім класам», — піша прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта, спецыяліст па эканоміцы і бізнесе Кітая Крыстафер Маркіз. Паводле яго ацэнкі, абвешчаны Сі Цзіньпінам «агульны дабрабыт» усё больш нагадвае агульнае стрымліванне.