Лукашэнка: Яшчэ трэба разабрацца, чыя гэта Бранская вобласць
6- 20.10.2026, 19:21
- 3,630
Дыктатар намякнуў губернатару Бранскай вобласці на прыналежнасць прыгранічнага рэгіёна Беларусі.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Расіі Ягорам Кавальчуком намякнуў на прыналежнасць гэтага прыгранічнага рэгіёна Беларусі.
«Як я часта жартую ў гэтым плане: яшчэ трэба разабрацца, чыя гэта Бранская вобласць», — адзначыў дыктатар і заклікаў расійскага губернатара «не рэўнаваць». Лукашэнка выказаў меркаванне, што «самае лепшае ў Бранскай вобласці — з Беларусі», а «самае лепшае ў Беларусі — гэта з Бранскай вобласці», а таксама са Смаленскай і Пскоўскай абласцей. Ён дадаў, што яны «блізкія людзі» для Беларусі.
Лукашэнка адзначыў, што беларускія і расійскія прыгранічныя рэгіёны цесна супрацоўнічаюць адзін з адным.
«Мяжы, слава Богу, дзяржаўнай паміж намі няма, адміністрацыйныя — не праблема, таму мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць так, як вы пажадаеце», — сказаў ён Кавальчуку, адзначыўшы, што Беларусь робіць для Расіі «нямала», а часам і «непублічна».