20 кастрычнiка 2026, aўторак, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлескоп для даследавання цёмнага Сусвету адкрыў новую камету

Тэлескоп для даследавання цёмнага Сусвету адкрыў новую камету
Фота: SciTechDaily

Яна не такая, як астатнія.

Тэлескоп «Эўклід» адкрыў раней невядомую камету ў Сонечнай сістэме. Абсерваторыя, запушчаная ў 2023 годзе, вывучае схаваны ўплыў цёмнай матэрыі і цёмнай энергіі на звычайную матэрыю ў Сусвеце.

Для гэтага тэлескоп вядзе назіранні за формай і рухам мільярдаў галактык у радыусе 10 мільярдаў светлавых гадоў. Ён не прызначаны для выяўлення камет у Сонечнай сістэме, і ўсё ж такі ён знайшоў сваю першую камету, паведамляе Еўрапейскае касмічнае агенцтва.

Каметы — гэта ледзяныя аб’екты, што захаваліся з часоў фармавання Сонечнай сістэмы каля 4,6 мільярда гадоў таму. Пераважна яны паходзяць з пояса Койпера або воблака Оорта, якія размешчаныя далёка за арбітай Нептуна.

Касмічны тэлескоп «Эўклід» можа атрымліваць выявы далёкіх галактык, але ён не прызначаны для сачэння за хутка рухомымі аб’ектамі Сонечнай сістэмы, такімі як каметы. І ўсё ж, як высветлілі вучоныя, ён можа знаходзіць новыя каметы ў Сонечнай сістэме.

Астраномы вывучалі здымкі тэлескопа, зробленыя ў перыяд з 16 па 24 верасня 2026 года. Дакладны аналіз паказаў, што на фатаграфіях бачны невядомы аб’ект, які рухаецца. Таксама вучоныя выявілі вакол аб’екта газавае воблака — гэта ўласціва каметам, якія выкідваюць газ і пыл у космас пад уздзеяннем сонечнага выпраменьвання.

Вучоныя праверылі каталогі вядомых камет і астэроідаў і не выявілі там аб’екта, убачанага на фатаграфіях тэлескопа «Эўклід». Дадатковыя назіранні з дапамогай наземных тэлескопаў паказалі, што гэта новая камета ў Сонечнай сістэме. Цэнтр малых планет пры Міжнародным астранамічным саюзе прысвоіў ёй назву C/2026 S1 (Euclid).

Гэта камета знаходзіцца на адлегласці прыкладна 1,3 мільярда кіламетраў ад нас. Гэта вобласць космасу, якая размешчаная паміж арбітамі Юпітэра і Сатурна.

Паводле слоў астранамоў, гэта дзіўная камета, бо яна знаходзіцца не ў той жа плоскасці, што і планеты Сонечнай сістэмы. То бок яна знаходзіцца «над» Сонечнай сістэмай і абарачаецца вакол Сонца па дугападобнай арбіце. Пакуль яе дакладны арбітальны перыяд невядомы, але ён павінен складаць прыблізна некалькі тысяч гадоў, лічаць астраномы.

Паводле вучоных, «Эўклід» выпадкова выявіў новую камету, і чакаецца, што ён можа адкрыць яшчэ некалькі падобных невядомых аб’ектаў у Сонечнай сістэме.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲