Горад у Гомельскай вобласці перавядуць на паліва, якім планавалі «заваліць ЕС»
3- 19.10.2026, 16:04
- 2,296
Фота: упраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў
На гэта выдаткуюць мільёны рублёў.
У горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна неўзабаве прыступяць да будаўніцтва энергаўстаноўкі на мясцовых відах паліва. Пра гэта даведаўся «Флагшток» з тэндэру па выбары субпадраднай арганізацыі на выкананне агульнабудаўнічых работ па катэльні, мантажу ўнутраных сетак катэльні, мантажу вонкавых сетак, пуска-наладкавых работ і пастаўку абсталявання на аб’ект.
На ўсе гэтыя работы меркавана выдаткуюць да 2 млн 232 тыс. рублёў (больш за 741 тыс. долараў), якія выдзеліць са ўласных сродкаў заказчык — «Гомельоблтеплосеть». Асноўныя работы павінны пачацца ўжо з лістапада 2026 года і завяршыцца да сярэдзіны ліпеня 2027 года.
Якія менавіта мясцовыя віды паліва будуць выкарыстоўваць у новай катэльні, у дакументацыі не пазначана. Але журналісты заўважылі даведку Рэчыцкага райжылкамгаса, у якой у планах на 2026 год гаворыцца пра ўзвядзенне дзвюх катэлен з выкарыстаннем драўняных паліўных гранул (пелет). Сярод іх — энергаўстаноўка ў Васілевічах, а таксама катэльня ў вёсцы Бабічы.

У Бабічах будаўніцтва пелетнай катэльні ўжо завяршаецца. Пра гэта сказана ў справаздачы Гомельскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, якое ў верасні 2026 года праводзіла маніторынг аб’ектаў, што знаходзяцца на балансе КУП «Рэчыцкі райжылкамгас».
На той момант у Бабічах ужо выконваліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, падключэнні інжынерных сетак і пуска-наладцы абсталявання. У арганізацыі заяўлялі, што «выкарыстанне пелет дазволіць павысіць энергаэфектыўнасць цеплазабеспячэння, знізіць сабекошт цеплавой энергіі і ўмацаваць надзейнасць сістэмы цеплазабеспячэння раёна».

У Гомельскай вобласці ёсць тры буйныя пелетныя заводы ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі. Як паведамлялася, адкрытыя ў 2020 годзе заводы ў Мазыры і Жыткавічах раней прастойвалі з-за санкцый і расійскай вайны. Першапачаткова іх прадукцыю планавалі накіроўваць у Еўрасаюз і атрымліваць прыбытак у валюце, але ў выніку давялося пераарыентавацца на ўнутраны рынак. Верагодна, яны будуць забяспечваць палівам новыя катэльні ў Рэчыцкім раёне.
Афіцыйную інфармацыю пра працу пелетных заводаў на Гомельшчыне даўно не абнаўлялі. Судзячы па ўсім, яны працягваюць працу пераважна на ўнутраны рынак.