Расійскі добраахвотнік эмацыйна звярнуўся да бацькі — палкоўніка МУС РФ
1- 19.10.2026, 11:18
- 2,308
Карэл у 2025 годзе далучыўся да Расійскага дабраахвотніцкага корпуса.
23-гадовы баец Расійскага дабраахвотніцкага корпуса (РДК) з пазыўным Карэл выехаў з Расіі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання і ў выніку далучыўся да змагання супраць расійскіх акупантаў. Яго бацька, палкоўнік МУС Расіі, так і не даведаўся пра рашэнне сына змагацца на баку Украіны. Пра гэта Карэл распавёў у інтэрв’ю «24 каналу».
«Тата, я, як ты і хацеў, у спецыяназе. Праўда, трошачкі ў іншай краіне, трошачкі ў іншай структуры, але на правільным баку гісторыі», — звярнуўся баец да памерлага бацькі.
Карэл нарадзіўся ў Навасібірску, атрымаў юрыдычную адукацыю і меў невялікі бізнес. Бацька служыў у МУС і хацеў, каб сын працягнуў кар’еру ў праваахоўных органах, але ён абраў іншы шлях.
Паводле слоў байца, палітыкай ён пачаў цікавіцца яшчэ ў школе. На яго погляды паўплывалі, у тым ліку, відэа на YouTube пра апазіцыянера Аляксея Навальнага. У 2019–2022 гадах Карэл удзельнічаў у антыўрадавых пратэстах у Расіі.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён вырашыў з’ехаць з краіны. Спачатку скончыў навучанне ў каледжы і адкрыў уласную справу, а потым пераехаў у Казахстан, дзе пражыў два гады. Там ён фінансава падтрымліваў Украіну, у прыватнасці ахвяраваў грошы ўкраінскім вайсковым падраздзяленням. З цягам часу Карэл вырашыў, што хоча змагацца наўпрост.
«Я зразумеў, што мне хочацца займацца нечым больш крутым, трэба максімальна ўліцца ў справу. І я вырашыў ехаць у РДК», — распавёў баец.
У 2025 годзе ён уступіў у Расійскі дабраахвотніцкі корпус і ўдзельнічаў у аперацыях на Харкаўскім, Запарожскім і Данецкім напрамках.
Паводле слоў Карэла, бацька памёр ад тромбу, калі сын ужо знаходзіўся ва Украіне, але яшчэ не паспеў расказаць яму пра свой выбар.
Нягледзячы на розніцу ў поглядах, баец успамінае бацьку з павагай. Ён падкрэсліў, што той быў добрым бацькам, хоць яго перакананні і служба ў расійскіх сілавых структурах былі сыну блізкія далёка не ва ўсім.