14 кастрычнiка 2026, Серада, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка фактычна прагаварыўся

Лукашэнка фактычна прагаварыўся

У словах кіраўніка рэжыму прагучалі цікавыя ноткі.

Функцыянеры мінскага рэжыму на чале з ягоным кіраўніком налева і направа раздаюць флюіды міралюбнасці і жадання сябраваць з суседзямі. Аднак апошнія не выяўляюць асаблівай ахвоты падыгрываць лукашыстам.

За мінулы тыдзень паслядоўна і паралельна Лукашэнка, Рыжэнкаў і Хрэнін выказаліся наконт няпростых узаемаадносінаў, што склаліся з усімі суседзямі, акрамя ўсходняга.

За ўжо звыклай нястраўнай словеснай кашай пра «праблемы з прадуктамі харчавання ў Еўропе» ў словах кіраўніка рэжыму чуюцца цікавыя ноткі: «калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта кажа пра тое, што нам, можа, і вайны ўдасца пазбегнуць».

То бок вайна разглядаецца як асноўны сцэнар. Фактычна Лукашэнка прагаварыўся пра тое, пра што і так кажуць вайсковыя эксперты і дыпламаты.

І кажуць шмат і па справе. Нядаўна BELPOL на Варшаўскай канферэнцыі па бяспецы прадставіў свой новы даклад пра мілітарызацыю рэжыму з фактамі і высновамі пра тое, як менавіта лукашысты рыхтуюцца да вайны і якія фактычныя дзеянні прадпрымаюць.

На думку аўтараў дакладу, падрыхтоўка ідзе поўным ходам з прыцягненнем усіх магчымых рэсурсаў і ахопам шырокага поля актараў. Аўтары вылучаюць чатыры асноўныя кластары, у якіх ідуць працэсы пераводу краіны на ваенныя рэйкі:

мілітарызацыя грамадства;

вайсковая інфраструктура і лагістыка;

мілітарызацыя эканомікі і навукі;

заканадаўства і ваенны суверэнітэт.

Па ўсіх чатырох напрамках вядуцца актыўныя дзеянні па падрыхтоўцы да вайны.

Форум у Варшаве ў цэлым стаў месцам, дзе імя нашай краіны гучала часта і, на жаль, у даволі выразна акрэсленым кантэксце вайсковага супрацьстаяння.

Камандуючы войскамі НАТА Алексус Грынкевіч ясна і адназначна акрэсліў перспектывы дзеянняў сіл НАТА у выпадку пачатку агрэсіўных дзеянняў з боку РФ. У спіс прыярытэтных мэтаў трапіла не толькі Калінінградская вобласць, Пецярбург і ўвесь паўночна-заходні фланг расійскай тэрыторыі, але і тэрыторыя Беларусі. Як кажуць, нічога асабістага, гэта проста геаграфія.

Улічваючы, як расіяне выкарыстоўвалі Беларусь як плацдарм для наступу на Кіеў, аналітыкі і стратэгі НАТА разглядаюць рызыку ўварвання з боку Беларусі ў краіны Балтыі і Польшчу як цалкам рэалістычны сцэнар.

У цэлым стратэгічны план НАТА разлічаны на тры фазы:

Block – адбіць першую атаку і заблакаваць наступныя;

Blunt – аслабіць наступальныя магчымасці праціўніка;

Break – разграміць не толькі наступальныя сілы, але і ўсю сістэму іх падтрымкі. У тым ліку лагістыку і забеспячэнне.

Калі ў першым і другім пункце, пры ўмове няўдзелу беларускай арміі ў прамых сутыкненнях з войскамі НАТА, яшчэ можна прапетляць, дык трэці пункт прадугледжвае знішчэнне інфраструктуры, у тым ліку і на тэрыторыі нашай краіны.

Акрамя Грынкевіча, пра Беларусь гаварыў і адстаўны генерал ЗША Кіт Келаг. Аўтарытэтны былы высокі вайсковы чыноўнік, вядомы сваёй перагаворнай пазіцыяй па нашым рэгіёне, заявіў: «Беларусь і Лукашэнка зусім не з'яўляюцца для Пуціна асноўнымі партнёрамі. Я маю на ўвазе, што яго нават нельга назваць малодшым партнёрам. У іх няма моцных узброеных сіл».

На думку Келага, каштоўнасць і значнасць саюзніцкіх адносінаў Расіі і Беларусі пераацэненая. Гэтае меркаванне добра ўпісваецца ў гіпотэзу пра тое, што ваенны суверэнітэт Беларусі страчаны на карысць Расіі і, фактычна, Крэмль нашу краіну цікавіць найперш як ваенны плацдарм з добра развітай інфраструктурай.

Безумоўна, да пачатку баявых дзеянняў Беларусь выглядае як нядрэнны варыянт «шэрай зоны», праз якую можна атрымліваць дэфіцытныя тавары і матэрыялы для аснашчэння арміі. Але тут мы канкуруем з краінамі Цэнтральнай Азіі, якія дэманструюць фенаменальны рост знешняга гандлю з РФ, у тым ліку і дэфіцытнымі элементамі радыёэлектронікі і іншымі таварамі падвойнага прызначэння.

У такіх умовах жорсткай канкурэнцыі адзінай эксклюзіўнай прапановай лукашыстаў застаецца месца на мапе, якое займае наша краіна.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲