Польшча змяніла планы адносна аўтастрады, якая вядзе да Беларусі
1- 14.10.2026, 15:42
- 1,466
Варшава ўлічвае падзенне грузапатоку і сітуацыю з бяспекай.
Польскія ўлады пакуль не плануюць працягваць аўтастраду A2 да самой мяжы з Беларуссю. Пра гэта піша польскае выданне Moto.pl.
Гаворка ідзе пра ўчастак ад вузла Добрынь да дзяржаўнай мяжы. У Міністэрстве інфраструктуры Польшчы патлумачылі, што будаўніцтва гэтага адрэзка не плануецца з-за характару памежнага пераходу Кукурыкі — Корошчын, які абслугоўвае грузавы транспарт. Ад тэрмінала ў Корошчыне да Кукурык фуры рухаюцца па спецыяльнай мытнай дарозе.

Пры гэтым будаўніцтва аўтастрады A2 на ўсходзе Польшчы працягнецца, але толькі да вузла Добрынь. Участак Кіёвець — Добрынь павінен быць гатовы ў 2029 годзе, а адрэзак Белая-Падляска — Кіёвець, калі не будзе новых затрымак, плануюць завяршыць у 2030 годзе.
Як адзначае Moto.pl, адмаўленне ад зручнага транзітнага злучэння з беларускім бокам звязана не толькі з эканомікай і падзеннем грузапатоку паміж Польшчай і Беларуссю. Важным фактарам стала і бяспека на фоне напружанай сітуацыі на мяжы.
Сучасная траса да мяжы магла б спрасціць рух ваенных калон. Таму інфраструктурныя абмежаванні ў гэтым раёне дапамагаюць Польшчы лепш кантраляваць сітуацыю і ўзмацняюць абарончае значэнне мяжы.