19 красавiка 2024, Пятніца, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яравізацыя» Лукашэнку нічога не дасць

28
«Яравізацыя» Лукашэнку нічога не дасць
Андрэй Саннікаў

Дарагія ўкраінскія ды расейскія сябры!

Сапраўдныя сябры, а не фэйкі.

Я вельмі рады, што ўсе так узрушыліся і з непадробнай цікавасцю абмяркоўваюць, што наступнай ахвярай крамлёўскага рэжыму будзе Беларусь. Я шчыра ўдзячны за вашу ўвагу. Я ўважліва чытаю ўсе вашы парады, як нам абараняцца ад Пуціна. Я ўважліва гляджу ўсе заявы ўсіх палітычных сілаў, якія раптам устурбаваліся праз незалежнасць Беларусі.

У мяне толькі дзве невялікія фармальныя заўвагі, перш чым перайсці да канкрэтнай размовы.

Калі паважаныя мной аналітыкі, публіцысты, журналісты і нават, страшна падумаць, палітыкі, выяўляюць поўнае няведанне нашай сітуацыі і пры гэтым даюць нам бясцэнныя, але зусім бескарысныя парады, я губляюся.

Давайце проста некалькі базавых паняццяў вызначым, і тады можна будзе размаўляць.

Калі нашы сябры, напрыклад паважаны мной Віталь Портнікаў з Украіны называе Лукашэнку сваім «бацькам», я нервуюся і не магу зразумець Віталя. Калі сваім бацькам яго называе амаль прыдатны яму ў бацькі паважаны мной Андрэй Піянткоўскі з Расеі, я адчуваю моцны ўдар унутры мозгу і проста не ўспрымаю, што там далей пішуць розныя наймудрэйшыя мужы.

А яны пішуць, што ва Украіне, што ў Расеі пра Лукашэнку, як пра бясстрашнага змагара з Расеяй за незалежнасць Беларусі.

Першае. Ні на чым не намагаючы, проста паведамляю, што мода называць Лукашэнку сваім бацькам існуе сёння толькі ва Украіне і Расеі, усё адно тэрытарыяльнай або эмігранцкай. У Беларусі за гэта можна і ў пысу атрымаць.

Па-другое. Лукашэнка як гарант незалежнасці і процівага Крамлю - гэта распрацоўка беларускага КДБ сярэдзіны 90-х гадоў, ухваленая расейскім ФСБ. Вымушаны прызнаць, што распрацоўка досыць эфектыўная, перш за ўсё для таго, каб вадзіць за нос Захад і тамтэйшых палітыкаў і стратэгаў, вымантачваць у іх грошы і паслугі. Але чаму нашы ўкраінскія і расейскія сябры на гэта бяруцца? Я вось нешта не ўзгадаю, каб беларускія дэмакраты або незалежныя СМІ называлі Пуціна лідарам, які адрадзіў Расею і абараніў яе суверэнітэт. Не чуў я, каб Януковіча ў нас называлі наймудрэйшым дзяржаўным дзеячам, які для захавання незалежнасці Украіны вымушаны быў ісці на ўгоду з Пуціным. Не, вы не крыўдуйце і не абурайцеся. Чаму нам нельга, а вам можна?

Вы ж не яны, якія назіраюць за намі з Шэнгена, і нічога не разумеюць. Дык навошта вы так?

Цяпер канкрэтна. Так, Беларусь цалкам магчыма можа стаць наступнай ахвярай крамлёўскай агрэсіі. Але Беларусь тут будзе проста яшчэ адным геаграфічным вымярэннем экспансіі Крамля, а яшчэ прасцей – чарговым этапам эскалацыі вайны ў Еўропе. Вайны, якая вядзецца супраць украінцаў, беларусаў і расейцаў, супраць нашай свабоды. І вынікі гэтай вайны ўжо адчувальна адбіваюцца на нашай прасторы, прычым на карысць Крамля. Наша прастора барацьбы за свабоду ўжо разарваная. Яна ўжо заражаная і той самай імперскасцю, і нейкай незразумелай фанабэрыстасцю ў дачыненні да нас, беларусаў, і варожасцю адзін да аднаго.

Нашы ўкраінскія сябры, якія называлі зладзюгу Януковіча дыктатарам, хоць яму, на шчасце, не ўдалося наладзіць сістэму рэпрэсій як у Беларусі, неяк імкліва і надоўга палюбілі рэальнага дыктатара Лукашэнку, прычым абсалютна ірацыянальнай любоўю. Ён і акупацыю ўкраінскіх тэрыторый падтрымлівае, і на вайне супраць Украіны нажываецца, але любоў украінцаў да яго не слабее. Праўду кажуць, што любоў злая. Ва ўкраінскіх медыях нават прыдумалі такі смяхотны аргумент, каб неяк растлумачыць свае далікатныя пачуцці да дыктатара: беларусы маўляў ідыёты і, у адрозненне ад нас, украінцаў, хочуць жыць за дыктатурай. Не, вядома так проста яны не кажуць, але чамусьці менавіта так чытаецца іх аналітыка пра тое, што Украіна змагалася за свабоду, а Беларусь не.

Крыўдна, хоць частка праўды ў гэтым ёсць, але не ў тым, што мы не змагаліся, а ў тым, што некалькі разоў праваронілі перамогу. А так, наогул змагаліся не толькі за сваю, але і за вашу свабоду.

І на майданах у 2004-2005 гадах, і ў 2013-2014 не проста былі беларусы, а былі тысячы беларусаў. Таму што ведалі, што змагаюцца за сваю свабоду. Сотні нацыянальных беларускіх сцягоў у цэнтры Кіева ў тыя рэвалюцыйныя дні дарагога каштуюць. Ды і сёння, прабачце, вядома, што нагадваю, але беларускія добраахвотнікі змагаюцца за Украіну.

Ды і ў Расеі беларусы ўдзельнічалі ў шматлікіх дэманстрацыях. Праўда, у Расеі складаней было разглядзець братоў па духу і змагароў за нашу і вашу свабоду. Але калісьці і там дапамагалі сваім удзелам у пратэстах супраць крамлёўскіх бандытаў, асабліва калі быў жывы Барыс Нямцоў.

А вось адваротныя гісторыі ўжо цяжка і ўзгадаць. Не ў гэтым тысячагоддзі.

Вось памятаю ў сакавіку 1996 года прыехалі падтрымаць нас на Дзень Волі нацыяналісты з УНА-УНСО. Смелыя хлопцы, пераварочвалі самаходы. Але ім лукашэнкаўскія гарылы далі па пысе, арыштавалі, і ўсё - больш мы ўкраінцаў на нашых дэманстрацыях не бачылі. Не, журналісты, вядома, прыязджалі, назіральнікі ўсякія, а так, каб са сцягамі, ды ў поўны рост, так, каб да канца – не назіралі. Даводзіцца беларусам самім падымаць украінскі сцяг і стаяць за вашу і нашу свабоду, і ісці за гэта ў турму. Не далей як 22 студзеня Лукашэнка пасадзіў актывістаў Вольгу Нікалайчык і Дзяніса Урбановіча за даніну памяці Міхаілу Жызнеўскаму, беларусу, які загінуў за Украіну на Майдане.

Дысідэнты з Расеі таксама неяк пасля некалькіх арыштаў у 90-х у лукашэнкаўскіх турмах не гараць жаданнем паўдзельнічаць у пратэстах. Драбнаваты для іх Лукашэнка, там у іх цяпер Пуцін ёсць.

У нас былі Плошчы, але вас з намі там не было.

Яшчэ вось таксама цікавая дэталь: у лукашэнкаўскіх турмах пераседзела процьма ўсякага небеларускага народу, ад крамлёўскага бізнэсоўца Уладзіслава Баўмгертнэра да расейскіх дысідэнтаў, ад амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцара да ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана. Колькасці ўкраінскіх, расейскіх ды іншых ненашых бізнэсоўцаў немагчыма злічыць. Многія з іх бажыліся - сам чуў, - што вось дай толькі вызваліцца, Лукашэнка дакладна пойдзе па этапу разам з усёй сваёй хеўрай. Нешта не чуваць ніводнай гучнай міжнароднай справы з абвінавачваннем лукашэнкаўскага рэжыму, хай нават не ў парушэнні правоў чалавека, а хаця б у рэйдэрскіх захопах бізнэсу тых самых нянашых бізнэсоўцаў, якія чародамі сядзелі і будуць сядзець у турмах у Беларусі.

Беларусь апынулася ў палоне нейкай невытлумачальнай «лысенкаўшчыны». Быў такі з дазволу сказаць акадэмік у савецкія 30-я гады, які актыўна ўкараняў «яравізацыю азімых», гэта значыць апрацоўку холадам зерняў пшаніцы, каб «выпрацаваць» у іх устойлівасць да зімы. У выніку збожжа гінула, ураджаі катастрафічна зніжаліся, але акадэмік працягваў бараніць свае метады «адаптацыі». Цяпер вось адбываецца актыўная «яравізацыя» Лукашэнкі рознымі еўрапейскімі лысенкамі, не ў першы раз і з прадказальным негатыўным вынікам, але затое колькі людзей пры справе і з заробкам. Вось толькі нам гэта ніяк не дапаможа. Нам – Беларусі, Украіне, Расеі. Гаворка тут ідзе толькі пра тры славянскія рэспублікі, хоць бяда дыктатарскіх рэжымаў прыйшла амаль ва ўсе рэспублікі былога СССР.

Складана, вядома, раіць нешта нашым найбліжэйшым суседзям, асабліва калі яны не вельмі хочуць нас заўважаць, а тым больш успрымаць нейкія парады, але ўсё ж рызыкну паўтарыць тэзіс, які для мяне з'яўляецца аксіёмай:

Без вызвалення Беларусі ад дыктатуры не будзе свабоднай Украіны і, тым больш, свабоднай Расеі.

Можаце спрачацца, можаце ігнараваць, не згаджацца, але проста запомніце гэта.

У нас не так шмат часу, каб паспрабаваць усе ж злучыць прастору і выспы барацьбы за свабоду ў штосьці, калі не адзінае, то хоць бы асэнсаванае.

Для гэтага трэба спачатку зразумець, што толькі дзякуючы дэмакратычнай апазіцыі сёння існуе незалежная Беларусь, што толькі дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі могуць стаць гарантыяй абароны нашай незалежнасці. Зразумець, што толькі ў выніку палітыкі Лукашэнкі сталі наогул магчымыя размовы пра пагрозу аншлюсу Беларусі з боку Расеі. Лукашэнка ўжо прадаў і працягвае прадаваць Беларусь Крамлю і неўзабаве можа прайсці пункт незвароту, за якім рэальнай стане пагроза і для нашай незалежнасці і для бяспекі Украіны.

Лакаматывам нашай агульнай барацьбы сёння, безумоўна, з'яўляецца Украіна. Добра было б, каб там з'яўляліся сур'ёзныя аналітычныя, стратэгічныя працы аб рэальнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пакуль іх можна пералічыць на пальцах адной рукі. Я магу назваць толькі Майдан закардонных спраў, які паслядоўны ў сваім аналізе сітуацыі ў Беларусі.

Вось цікава, беларусы вельмі добра ведаюць палітычны ландшафт ва Украіне і Расеі, а нашы суседзі наўрад ці назавуць з дзясятак палітыкаў у Беларусі, акрамя іх улюбёнага Лукашэнкі.

Ды і ўлады Украіны маюць справу ў асноўным з дыктатарскім рэжымам, таксама спрабуюць займацца «яравізацыяй», адначасна абражаючы беларусаў сваёй паблажлівасцю. Інакш, як абразай, складана назваць словы амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма пра тое, што ён разам з беларускімі ўладамі падабраў больш спакойны ўкраінскі канал для трансляцыі ў Беларусі, бо «беларускі глядач пакуль не гатовы да такой інфармацыйнай бомбы», што круціцца ва Украіне. Яго неяк не бянтэжыць, што ён папрацаваў з рэжымам у вызначэнні інфармацыйнага канала для беларусаў, якія ў яго разуменні яшчэ не дараслі да высокага ўзроўню развіцця ўкраінцаў. Гэта толькі адзін з прыкладаў неразумення і непавагі.

Мы вельмі ўважліва і з зайздрасцю сочым за выбарамі ва Украіне. З зайздрасцю, таму што ў нас выбараў даўно няма. Мы чакаем ад гэтых выбараў умацавання незалежнасці і дзяржаўнасці Украіны, яе станаўлення як еўрапейскай дзяржавы з еўрапейскай шкалой каштоўнасцяў у дачыненні да дэмакратыі і правоў чалавека.

А яшчэ мы чакаем, што за новым кіраўніцтвам Украіна стане нарэшце рэгіянальным лідарам вызвалення ад савецкага мінулага і цяперашніх дыктатур.

Іншымі словамі - за вашу і нашу свабоду!

Андрэй Саннікаў, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках