8 верасня 2026, aўторак, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расію накрыла «боршчавая інфляцыя»

Расію накрыла «боршчавая інфляцыя»
Ілюстрацыйнае фота

Цэны на базавую гародніну падскочылі на 20–40% за год.

Тым часам як Расстат паведамляе пра стабілізацыю інфляцыі на ўзроўні каля 6% у год, расійскія спажыўцы працягваюць сутыкацца з двузначным ростам цэн на базавыя харчовыя прадукты, перадае The Moscow Times.

Кошт гародніны з «боршчавага набору», якая складае аснову штодзённага спажывання дзясяткаў мільёнаў расіян, за апошні год павялічыўся на 20–40%, падлічылі аналітыкі NTech (іх высновы публікуе «Камерсант»).

Лідарам сярод гародніны ў інфляцыйнай гонцы стала капуста: напрыканцы жніўня яна каштавала 30 рублёў за кг — на 38% больш, чым годам раней. Бурак у розніцы падаражэў на 32% у гадавым выражэнні (да 35,4 рубля за кг), бульба — на 30% (да 41,5 рубля за кг), цыбуля — на 32% (да 45,2 рубля за кг), морква — на 20% (да 43,5 рубля за кг).

Цэны на гародніну «боршчавага набору» адлюстроўваюць змену кошту прадукцыі на фоне назапашанага росту выдаткаў, адзначае старшыня Асацыяцыі кампаній рознічнага гандлю Станіслаў Багданаў: рэзка падаражэлі паліва і гаруча-змазачныя матэрыялы, сталі даражэйшымі насенне, угнаенні і захоўванне ўраджаю, выраслі выдаткі на перавозкі, асабліва ў буйныя мегаполісы, куды гародніну трэба транспартаваць з паўднёвых рэгіёнаў.

Даныя Расстата пацвярджаюць: нягледзячы на сезоннае, летняе зніжэнне цэн, у гадавым выражэнні бульба і капуста падаражэлі на 35,3%, цыбуля — на 27,2%, буракі — на 20,4%, морква — на 17,7%. Таксама рэзка, паводле афіцыйнай статыстыкі, выраслі цэны на памідоры: напрыканцы жніўня яны каштавалі 165,9 рубля за кг — на 24,2% даражэй, чым год таму.

Рост цэн на «боршчавы набор» апярэджвае афіцыйную інфляцыю ў 3–6 разоў. Цэнікі на паліцах супермаркетаў разганяе ў тым ліку паліўны крызіс: назапашаны рост цэн на бензін з пачатку года ўжо перавышае 20%, і «гэты фактар паступова пачынае мацней уплываць на сабекошт перавозак і іншых тавараў», адзначае аналітык Freedom Global Уладзімір Чарноў.

Харчовая інфляцыя пераводзіць расійскіх спажыўцоў у рэжым вымушанай эканоміі. У мінулым годзе яны выдаткавалі на прадукты харчавання 39% усіх расходаў — рэкордную долю за апошнія 16 гадоў. А сёлета пачалі скарачаць выдаткі нават на ежу. За першае паўгоддзе, паводле даных «Эвотора», колькасць пакупак у крамах «каля дома» скарацілася на 10%, у спецыялізаваных прадуктовых лаўках — на 5%. З падзеннем трафіку сутыкнуліся найбуйнейшыя рознічныя сеткі — «Пятерочка», «Перекресток», «Лента», а найбольш прыкметным ён стаў у прэміяльных супермаркетаў — «Вкусвилла» і «Азбукі Вкуса».

Большасць вытворцаў харчовых прадуктаў адзначаюць зніжэнне продажаў у рознічным канале, канстатуе выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Руспрадсаюз» Дзмітрый Вастрыкаў. Пакупнікі радзей здзяйсняюць імпульсныя пакупкі, адмаўляюцца ад візітаў у крамы «каля дома» і ўсё больш арыентуюцца на жорсткія дыскаўнтары, пералічвае Вастрыкаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках