5 верасня 2026, Субота, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Латвія і Літва могуць закрыць парты для расійскага збожжа

Латвія і Літва могуць закрыць парты для расійскага збожжа

Частка гэтага збожжа скрадзена з Украіны.

Латвія і Літва разглядаюць магчымасць увесці забарону на расійскія перавозкі збожжа праз свае парты. Пра гэта ў пятніцу, 4 верасня, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўнікоў уладаў абедзвюх краін. Паводле звестак агенцтва, Расія перанакіравала экспарт збожжа ў парты дзяржаў Балтыі з-за атак украінскіх беспілотнікаў у Чорным і Азоўскім морах.

8 верасня ўрад Латвіі правядзе пасяджэнне, на якім абмяркуе пытанне аб поўнай забароне на экспарт расійскага збожжа — пра гэта паведаміў Reuters прадстаўнік прэм'ер-міністра Латвіі. Літва пра планы ўвесці забарону наўпрост не заяўляла, аднак улады краіны падкрэслілі, што выкарыстанне яе партоў для экспарту расійскага збожжа непрымальнае.

«Экспарт расійскага збожжа з выкарыстаннем літоўскай інфраструктуры супярэчыць нашым каштоўнасцям», — цытуе Reuters прэм'ер-міністра Літвы Міндаўгаса Сінкявічуса. Пры гэтым чыноўнік дадаў, што транзіт збожжа паміж асноўнай часткай Расіі і яе Калінінградскім эксклавам праз тэрыторыю Літвы захаваецца.

У Рызе і Вільні меркаюць, што частка збожжа, якое экспартуе Расія, была вывезеная з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. «У ўкраінскіх службаў ёсць звесткі пра незаконна вывезенае з Украіны збожжа, якое Расія ў бліжэйшы час плануе экспартаваць у вялікіх аб'ёмах праз краіны Балтыі», — паведаміў прэм'ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс. Ён даручыў латвійскім уладам у супрацоўніцтве з Кіевам «стварыць механізм для прадухілення транзіту збожжа, незаконна атрыманага на часова акупаваных тэрыторыях Украіны».

У сваю чаргу дзяржаўная служба ветэрынарнага кантролю Літвы паведаміла інфармацыйнаму агенцтву BNS, што 3 верасня ў порце Клайпеды ўзяла ўзоры збожжа, заяўленага як расійскае, і накіравала іх у лабараторыю ў Францыі. «Мэта — праверыць, ці не з'яўляецца збожжа, пазначанае як расійскае, насамрэч украінскім: яно магло быць украдзенае», — патлумачыў прадстаўнік ведамства.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках