Украінскі пранкер сарваў закрытую нараду расійскіх чыноўнікаў
- 30.08.2026, 19:51
- 2,112
Перад гэтым яны паспелі прагаварыцца пра балючую праблему.
Украінскі пранкер Яўген Вольнаў апублікаваў запіс нарады расійскіх чыноўнікаў па сертыфікацыі дронаў, паведамляе Dialog.UA.
Відэаканферэнцыя расійскіх чыноўнікаў і вытворцаў беспілотнікаў нечакана завяршылася пасля таго, як да нарады падключыўся ўкраінскі пранкер Яўген Вольнаў і прадставіўся супрацоўнікам СБУ. Але да гэтага з вуснаў чыноўнікаў РФ паспеяла прагучаць прызнанне пра сур'ёзнае адставанне Расіі ад Кітая па сертыфікацыі БПЛА.
Вольнаў апублікаваў у сацсетках фрагмент відэаканферэнцыі па развіцці беспілотнікаў, удзельнікамі якой былі супрацоўнікі Мінпрамторгу, Расавіяцыі, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў.
У прыватнасці, на нарадзе прысутнічалі намеснік кіраўніка Расавіяцыі Андрэй Пацёмкін, прадстаўніца Авіяцыйнага рэгістра Расіі Яўгенія Гваздзіцына, а таксама намеснік дырэктара падраздзялення прадпрыемства «Радар ммс», што займаецца беспілотнікамі, Яўген Сіваеў.
У пачатку нарады Пацёмкін распавёў, што ў ведамства паступілі заяўкі на сертыфікацыю 33 розных тыпаў беспілотнікаў. Паводле яго слоў, сем заявак пасля былі адкліканыя, яшчэ восем беспілотных сістэм удалося сертыфікаваць. Такім чынам, у працы на той момант заставаліся 18 заявак.
«Адпаведна, цяпер мы з вамі працуем, колькі ў нас атрымліваецца? 18 заявак, якія ў нас з вамі ў працы. У Кітая — 70. Ёсць да чаго імкнуцца», — заявіў Пацёмкін.
Пасля згадвання кітайскіх паказчыкаў Пацёмкін заклікаў удзельнікаў нарады працаваць больш эфектыўна.
Ён заявіў, што расійскім структурам неабходна «сваю працу арганізоўваць больш адказна, чым калегі з КНР», то-бок з яго слоў, прадстаўніка Расавіяцыі, вынікае, што расійская сістэма сертыфікацыі БПЛА істотна саступае кітайскай па колькасці праектаў, якія разглядаюцца.
У пэўны момант да канферэнцыі падключыўся Вольнаў і пачаў задаваць удзельнікам пытанні. Пранкер прадставіўся як супрацоўнік СБУ, пасля чаго ўдзельнікі пачалі выходзіць з відэаканферэнцыі.
У каментары да гэтага відэазапісу пранкер распавёў, што ўдзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі залежнасць расійскіх вытворцаў беспілотнікаў ад паставак з Кітая. Паводле яго слоў, яны не здольныя сабраць ніводнага беспілотніка, калі не атрымаюць кітайскія дэталі.
«Гэта зборышча сабралася, каб абмеркаваць, як выплутацца і намаляваць фэйкавыя справаздачы для Крамля, але нарада раптоўна перапынілася», — заявіў пранкер.