«Калі б у Беларусі сметана каштавала столькі, я б паліваў дранікі слязьмі»
13- 30.08.2026, 12:15
- 7,152
Беларускую сметану заўважылі ў крамах ААЭ.
Беларускую сметану «Брэст-Літоўск» заўважылі на паліцах у крамах ААЭ. Фатаграфію ў Threads апублікаваў карыстальнік mega_pavlik. У каментарах беларусы абмеркавалі такі «дзікі» цэннік, піша «Зеркало».
«Беларусы, скажыце мне, калі ласка, цана на сметану нармальная ці гэта дзікі оверпрайс?», — задаўся пытаннем аўтар публікацыі.
На цэнніку відаць, што баночка сметаны тлустасцю 20% каштуе 30,75 дырхама, што каля 25 рублёў, сметана тлустасцю 15% — 26,50 дырхама — гэта амаль 22 рублі. У Беларусі такая ж сметана тлустасцю 20% каштуе 3,75 рубля, 15% — 3,23 рубля.

У каментарах карыстальнікі паспрабавалі знайсці тлумачэнне такому высокаму цэнніку:
«Дык гэта ж у ААЭ. Оверпрайс, канечне, калі б гэта прадавалася ў вёсцы Дубай Брэсцкай вобласці. А так нацэнка ў 7 разоў за тое, што яе ў пустыню прывезлі».
«Заўсёды цікава, як прадукт з кароткім тэрмінам прыдатнасці паспеваюць даставіць за тысячы км ад вытворчасці, яшчэ і развезці па крамах».
«Калі б у Беларусі сметана столькі каштавала, дык я б паліваў дранікі, бабку і калдуны слязьмі».
«Параўнайце зарплаты і заспакойцеся. Колькі шклянак сметаны вы купіце за зарплату ў ААЭ і колькі ў РБ».
«Дзіўна лічыць оверпрайсам кісламалочны прадукт, дастаўлены ў пустыню, у Дубай, пакупніцкая здольнасць жыхароў якога на парадак вышэйшая, чым у краіне вытворчасці. Нармальна ён каштуе, як і павінна ў дадзеным месцы».