Лукашэнка ўпрашаў Пуціна не сумнявацца ў ягонай вернасці Расіі
8- 29.08.2026, 21:52
- 3,460
І паабяцаў Маскве мікрасхемы.
Аляксандр Лукашэнка на пятай у гэтым годзе сустрэчы з Уладзімірам Пуціным заявіў пра тое, што Беларусь «свята выконвае ўсе дамоўленасці», у тым ліку па паліве, і запэўніў, што абедзве краіны «не застануцца «голымі» без тавараў мікраэлектронікі». Чыпы неабходныя ў тым ліку для вытворчасці зброі.
29 жніўня Пуцін прыняў Лукашэнку ў сваёй падмаскоўнай рэзідэнцыі ў Нава-Агарове. Сёлета гэта ўжо пятая сустрэча аўтакратаў.
«Тое, што мы з вамі сустракаемся, — у гэтым не толькі мы “вінаватыя”. Дынаміка міжнародных адносін такая, што яна нас, у тым ліку, падштурхоўвае да таго, каб абмяркоўваць праблемы, якія перад намі стаяць», — заявіў Лукашэнка ў сваёй прамове ў адкрытай частцы перамоваў.
Беларускі дыктатар чарговы раз запэўніў расійскага кіраўніка ў вернасці:
«Што датычыцца бягучых пытанняў, мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, харчавання, паліва. У тым, што мы разам, супрацоўнічаючы, будзем пераадольваць усялякія цяжкасці, вы можаце ў гэтым нават не сумнявацца. Я пра гэта ўжо гаварыў, і не адзін раз, сустракаючыся з прадстаўнікамі расійскага бізнесу, кіраўніцтвам абласцей, рэгіёнаў».
Яшчэ Лукашэнка ўзгадаў пра мікраэлектроніку і «аб’яднанне намаганняў» з Расіяй у гэтай галіне:
«У нас ёсць нядрэнныя кампетэнцыі. І нядаўна Дзяніс Мантураў (першы віцэ-прэм’ер Расіі. – Рэд.) прыязджаў да нас, глядзеў гэтыя прадпрыемствы разам са спецыялістамі. Мы выпрацоўвалі пэўную форму ўзаемаадносін у гэтым плане. Мы тут абсалютна не застанёмся «голымі» і без гэтых тавараў. Мы абсалютна ўсё, што трэба, ствараем разам. Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень.
Мікрасхемы неабходныя для вытворчасці зброі, у тым ліку беспілотнікаў. Расследавальнікі БРЦ і «Бюро» раней выпускалі матэрыялы пра пастаўкі чыпаў з Беларусі ў Расію. Суседняя краіна адчувае вострую патрэбу ў мікрасхемах з-за заходніх санкцый.
У маі гэтага года дарадца і ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк паведамляў, што ў расійскіх ракетах знаходзяць кампаненты мінскага завода «Інтэграл».