СМІ: Украіна ўпершыню нанесла ўдар новай ракетай з далёкасцю 550 км
- 27.08.2026, 20:14
- 4,236
Узброеныя сілы Украіны нанеслі ўдар па расіянах у Данецку.
Ваенна-аналітычнае выданне Defence Express піша, што абломкі пасля ўдару па расійскіх аб'ектах у акупаваным Данецку з вялікай доляй верагоднасці сведчаць пра першае прымяненне Украінай новай крылатай ракеты JDAM-LR з далёкасцю да 550 км. Афіцыйнага пацвярджэння перадачы такіх ракет Украіне пакуль няма, але выданне дае дэталёвы аналіз, заснаваны на фота знойдзеных фрагментаў.
Пасля удараў у сеціве пачалі з'яўляцца фатаграфіі абломкаў з месцаў прылётаў.
Па маркіроўцы на адным з фрагментаў расіяне вызначылі, што па адной з мэтаў білі ракетамі Storm Shadow / SCALP. Але асаблівую ўвагу прыцягнулі іншыя абломкі — рэшткі крылаў і элементаў мацавання да корпуса.
На адным з фрагментаў заўважылі код 6F8W7. Defence Express піша, што ён належыць аўстралійскай кампаніі Ferra Aerospace, якая супрацоўнічае з Boeing і з 2000-х гадоў вырабляе камплекты крылаў для кіраваных авіябомбаў JDAM-ER.
Звычайная JDAM-ER мае заяўную далёкасць каля 75 км. Гэтай далёкасці недастаткова для бяспечнага ўдару па Данецку з украінскага самалёта, не заходзячы ў надзвычай небяспечную зону каля лініі фронту, таму частка расійскіх крыніц дапусціла, што Украіна магла прымяніць новую JDAM-LR з рэактыўным рухавіком.
JDAM-LR фактычна ператварае авіябомбу ў крылатую ракету. Дзякуючы рэактыўнаму рухавіку яе заяўная далёкасць перавышае 300 марскіх міль — каля 555 км. Гэта ўжо больш чым дастаткова для ўдару па мэтах у Данецку з бяспечнай дыстанцыі.

Камплект JDAM-LR устанаўліваецца на 500-фунтовую авіябомбу Mk-82 масай каля 227 кг. Паводле ацэнкі Defence Express, такой баявой часткі магло хапіць, каб разбурыць чатырохпавярховы заводскі будынак, дзе, паводле паведамлення Генштаба Узброеных сіл Украіны, знаходзіўся расійскі штаб.

Навядзенне JDAM-LR ажыццяўляецца з дапамогай інерцыйнай сістэмы і GPS. У звычайных JDAM раней былі праблемы з устойлівасцю да расійскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы, але дакладныя трапленні ў Данецку могуць указваць, што ў новай версіі гэтыя праблемы часткова вырашылі.
Тэарэтычна JDAM-LR можна запускаць з самалётаў, здольных прымяняць звычайныя JDAM. Ва Украіне гэта не толькі F-16, але і мадэрнізаваныя МіГ-29 і Су-27.
Калі Украіна сапраўды атрымала JDAM-LR, нават невялікай вопытнай партыяй, расійскія штабы, склады і камандныя пункты на глыбіні сотняў кіламетраў атрымліваюць новую пагрозу. Гэтая зброя можа стаць яшчэ адным элементам ціску на расійскую вайсковую інфраструктуру разам са Storm Shadow / SCALP, дронамі і ўкраінскімі далёкабійнымі распрацоўкамі.
