ЕС выдзяляе Украіне €6,1 мільярда на зброю і СПА
1- 24.08.2026, 11:13
Сродкі пойдуць на ракеты, боепрыпасы і радыёлакацыйныя станцыі.
Еўрапейская камісія сёння, 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны, ухваліла выдзяленне 6,1 мільярда еўра ў межах крэдыту ЕС на 90 млрд еўра для Украіны.
Як паведамляе прэс-служба Еўракамісіі, сродкі пойдуць на сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, ракеты, боепрыпасы і радыёлакацыйныя станцыі.
Адзначаецца, што сённяшняе ўхваленне сродкаў Еўракамісіяй дапаўняе ўжо зацверджаныя планы на суму 16 млрд еўра, з якіх 8,35 млрд еўра ўжо было выдзелена Украіне.
«Сёння мы ўхвалілі 6,1 млрд еўра на сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, ракеты, боепрыпасы і радыёлакацыйныя станцыі, якія тэрмінова патрэбныя Украіне. У той час як Расія ўзмацняе свае атакі, мы ўзмацняем намаганні, каб дапамагчы Украіне абараніць свой народ і адстаяць сваю паветраную прастору. Еўропа салідарная з Украінай, і мы прадставім ёй тое, што трэба, тады, калі гэта трэба», – адзначыла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
У прэс-службе Еўракамісіі дадалі, што большасць закупак будзе ажыццяўляцца ў абаронных кампаній ЕС. Улічваючы актыўнае выкарыстанне Расіяй балістычных ракет і дронаў з рэактыўнымі рухавікамі, Еўракамісія падкрэсліла неабходнасць істотнага павелічэння паставак з ЕС за кошт скарачэння запасаў, перагляду прыярытэтаў замоваў і нарошчвання вытворчасці.