24 жнiўня 2026, панядзелак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч павіншаваў украінцаў з Днём Незалежнасьці

Мікалай Статкевіч павіншаваў украінцаў з Днём Незалежнасьці
Мікалай Статкевіч

Трымайцеся, друзі!

Лідар беларускай апазіцыі, былы палітзняволены Мікалай Статкевіч павіншаваў украінцаў з Днём Незалежнасьці:

— Мае шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасьці годнаму і мужнаму ўкраінскаму народу!

Зараз за незалежнасць вам прыходзіцца весьці крывавую і няроўную вайну, за час якой загінулі многія тысячы з вас, у якой пад пастаяннай пагрозай смерці знаходзяцца не толькі вашы ваяры на фронце, але і мірныя грамадзяне - дзеці, жанчыны, старыя ў кожным рэгіёне Украіны.

Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету. Асабліва - у суседніх з вамі народаў, якія разумеюць, што, у выпадку вашай паразы, наступнымі аб'ектамі агрэсіі Масквы стануць ужо іх краіны. Менавіта таму шмат патрыётаў з гэтых краін прыехала ва Украіну, каб змагацца супраць агрэсара поруч з вамі.

Мне вельмі сорамна, што Беларусь была выкарыстана агрэсарам, як плацдарм для спробы хуткага захопу вашай сталіцы. Я ўпэўнены, што без разліку на гэты захоп і хуткую перамогу, агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру.

На жаль, знясіленае доўгім супрацівам дыктатуры, зьняволеньнем многіх тысяч патрыётаў і наўмысным прымушэннем перад вайной да эміграцыі сотняў тысяч праціўнікаў рэжыму, беларускае грамадства не здолела перашкодзіць выкарыстанню нашай зямлі для агрэсіі супраць найбольш блізкага нам народа. Даруйце, сябры!

У гэты святочны для вас дзень зычу вам сілаў выстаяць і захаваць сваю цудоўную краіну! Дзеля сябе і дзеля ўсіх народаў, якія прагнуць волі.

Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога пра гэта. Маё сэрца з вамі.

Трымайцеся, друзі!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках