24 жнiўня 2026, панядзелак, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы зрабілі нечаканае адкрыццё пра жыццё на Месяцы

Навукоўцы зрабілі нечаканае адкрыццё пра жыццё на Месяцы
Фота: charter97.org

Некаторыя зямныя мікрабы здольныя там выжываць.

Навукоўцы высветлілі, што некаторыя зямныя мікрабы могуць выжыць на паверхні Месяца, хоць і ў стане анабіёзу. Пры гэтым яны могуць рабіць гэта ў раёне палюсоў спадарожніка Зямлі, піша Space.

Раней навукоўцы лічылі, што на паверхні Месяца не здольны выжыць ніводзін зямны мікраарганізм. У прыватнасці, гэта звязана з высокім узроўнем ультрафіялетавага выпраменьвання Сонца.

Аўтары новага даследавання, апублікаванага ў часопісе Science Advances, наадварот указваюць на тое, што пры пэўных умовах мікрабы з Зямлі могуць выжыць на Месяцы. Для гэтага ім патрэбнае своеасаблівае сховішча, якое забяспечваюць узгоркі, кратары і расшчыліны на палюсах Месяца. Там ёсць месцы, куды ніколі не трапляе сонечнае святло і можа ўтварацца водны лёд. Такім чынам, мікраарганізмы могуць быць абароненыя ад смяротнага выпраменьвання Сонца і мець шанец на выжыванне.

Хоць, як паказвае даследаванне, мікрабы змогуць выжыць на Месяцы, але ў стане анабіёзу, гэта значыць глыбокай спячкі. У гэтым стане яны не змогуць расці і рухацца, калі не з’явяцца больш спрыяльныя ўмовы для іх росквіту.

Район южного полюса Луны
Фото: NASA

Навукоўцы таксама лічаць, што зямным мікрабам для выжывання не абавязкова мець велізарныя сховішчы: прыдатную для жыцця зону могуць ствараць нават сляды ад ботаў астранаўтаў або колаў лунаеходаў.

Да такіх высноў навукоўцы прыйшлі пасля вывучэння трох відаў бактэрый і двух відаў грыбоў, якія часта разам з людзьмі трапляюць у космас. Гэтыя мікраарганізмы асабліва добра пераносяць умовы космасу, а таксама ўстойлівыя да холаду і шкоднага сонечнага выпраменьвання.

Даследчыкі мяркуюць, што падчас будучых пілотаваных палётаў на Месяц астранаўты могуць занесці туды зямныя мікраарганізмы, што можа прывесці да забруджвання месяцовай глебы і перашкодзіць нармальнаму даследаванню яе складу.

Таксама навукоўцы лічаць, што, магчыма, у далёкім мінулым, калі Зямлю бамбардзіравалі астэроіды, з нашай планеты ў космас вылецелі камяні з мікраарганізмамі, устойлівымі да касмічных умоў. Магчыма, гэтыя мікрабы трапілі на Месяц, і ў раёне яго палюсоў могуць знаходзіцца жывыя зямныя істоты ў замарожаным выглядзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках