У Італіі знайшлі загадкавы эліксір, які можа быць «прадтэчай» Coca-Cola
- 31.07.2026, 7:58
- 1,210
Рэктар манастыра Сан-Марка наткнуўся на пажаўцелы дакумент.
Італьянскі манах выявіў у архівах старадаўняй фларэнційскай аптэкі дакумент з рэцэптам лячэбнага эліксіру на аснове балівійскіх лістоў коки і арэхаў кола, паведамляе The Guardian.
Айцец Мануэль Русо, рэктар манастыра Сан-Марка, распавёў, што наткнуўся на пажаўцелы дакумент — нешта накшталт рэкламнай улёткі — разбіраючы архівы.
У дакуменце апісаны рэцэпт elisir vinoso ricostituente («аднаўленчага віна-эліксіру»): 10 грамаў балівійскіх лістоў коки і 30 грамаў арэхаў кола, змешаных з віном. Манахі, якія стварылі гэты напой, прадавалі яго як тонік, што дапамагае аднавіць сілы цела і розуму пасля стомы праз хваробу або старасць.
Дата на дакуменце не пазначана, аднак лічыцца, што ён з’явіўся ў канцы XIX стагоддзя — менавіта тады манахі актыўна гандлявалі балівійскімі лістамі коки, якія місіянеры прывозілі ў Італію. Гэта было задоўга да таго, як у 1961 годзе лісты коки забаранілі ва ўсім свеце з-за ўтрымання прыроднага алкалоіду, з якога вырабляюць кокаін.
Рэцэпт і праўда нагадвае той, якім карыстаўся амерыканскі фармацэўт Джон Пембертон: у 1886 годзе ён стварыў салодкі сіроп з экстракту лістоў коки і арэхаў кола. Мясцовае заканадаўства адносна алкаголю не дазваляла яму дадаваць віно, таму ён развёў інгрэдыенты газаванай вадой — так з’явіўся тонік, які з цягам часу ператварыўся ў Coca-Cola.
Даведаўшыся пра знаходку Русо, некаторыя мясцовыя СМІ пачалі разважаць, ці не варта шукаць сапраўдныя карані вядомага напою ў Фларэнцыі, а не ў ЗША. Аднак сам айцец Русо, які да таго ж знайшоў некалькі пустых бутэлек з-пад эліксіру, не спяшаецца з высновамі.
«Я не хачу атрымаць пазоў ад Coca-Cola або нешта ў гэтым родзе. Сп. Пембертон прыдумаў уласны рэцэпт, прычым без алкаголю... Да таго ж у той час падобныя лекі з лісця коки выраблялі і іншыя людзі. Гэта было даволі распаўсюджана ў Італіі і Францыі. Адзінае, што магу сказаць, — аптэка Сан-Марка мела свой уласны рэцэпт», — сказаў ён.
Яшчэ адным прэтэндэнтам на ролю «прадтэчы» Coca-Cola лічаць Kola Coca — алкагольны сіроп, які ў 1885 годзе выраблялі дыстылятары ў Валенсіі, у Іспаніі.
Іншыя дакументы, знойдзеныя Русо, паказалі, што эліксір фларэнційскіх манахаў, які каштаваў ад 2 да 6 італьянскіх лір (менш за цэнт паводле сучаснага курсу), карыстаўся шалёнай папулярнасцю сярод пакупнікоў.
Манастыр Сан-Марка заснавалі ў 1436 годзе ў Фларэнцыі, а аптэку пры ім адкрылі ў 1460-м, каб абслугоўваць бедныя слаі раёна. Паводле слоў Русо, аптэка — «адна з самых прыгожых рэчаў, якія ёсць у нашым манастыры» — працуе і па сёння, хоць у 1995 годзе яе перанеслі ў іншую частку горада.
Першапачатковае памяшканне захавалася цалкам, уключаючы чучала кракадзіла, прывезенага з Ніла, якое звісае са столі яшчэ з 1600-х гадоў. У XIX стагоддзі еўрапейскія аптэкары часта падвешвалі кракадзілаў і іншых рэптылій пад столлю сваіх крамаў — так яны дэманстравалі кліентам, што маюць доступ да рэдкіх экзатычных інгрэдыентаў.
Таксама Русо знайшоў этыкеткі чыстага кіслароду, каньяку і рэктыфікаванага нафтавага спірту.