«Лепш хай яна пагрэецца ў Іспаніі, чым ходзіць каля мора ў куртцы»
- 31.07.2026, 8:25
- 1,740
Куды беларусы адпраўляюць дзяцей на канікулы.
Летнія канікулы для бацькоў школьнікаў хутка ператвараюцца ў асобны праект. Беларускі, што жывуць у Польшчы, распавялі MOST, куды адправілі дзяцей гэтым летам, колькі заплацілі і што ў выніку атрымалі.
«Асноўная місія такіх лагераў — дзеці пад наглядам»
Варшаўская праграма Lato w Mieście («Лета ў горадзе») прызначаная для вучняў гарадскіх школ і дзяцей, якія стала жывуць у Варшаве. Лагеры працуюць з панядзелка па пятніцу прыкладна з 7.00−8.00 да 16.00−17.00. Кожная школа складае сваю праграму з улікам узросту дзяцей і ўласных магчымасцяў.
У 2026 годзе бацькі плацяць 20 злотых у дзень за двухразовае харчаванне (абед і падвячорак) і яшчэ 30 злотых — за нагляд.
Афіцыйны курс Нацбанка Рэспублікі Беларусь складае 7,6 беларускага рубля за 10 польскіх злотых.
Наталля запісала ў такі лагер пры школе 11-гадовага сына. Дзіця правяло там два тыдні. Кожны тыдзень абышоўся сям'і ў 250 злотых, а экскурсіі і забавы аплачваў горад.
Дзеці хадзілі ў басейн і займаліся ў школе: асвойвалі робататэхніку, гулялі ў слоўныя гульні, малявалі, разгадвалі галаваломкі. Для іх таксама правялі ўрок па бяспечным выкарыстанні інтэрнэту і абароне персанальных дадзеных і арганізавалі спартыўныя заняткі з інструктарам. А па пятніцах выхаванцы ездзілі ў кіно. У праграме было заяўлена і наведванне музеяў, але туды дзяцей не вазілі.
— Сын сказаў, што было нуднавата. Але ён быў пад наглядам. Асноўная місія такіх лагераў — дзеці пад наглядам, — лічыць Наталля. Яна не выключае, што зноў адправіць сына ў лагер.
«Цяпер пасля гэтага адпачынку мне яшчэ трэба адпачываць»
Мінулым годам Людміла ўпершыню адправіла дачку ў моладзевы лагер у Іспаніі. Тады дзяўчынцы было 13 гадоў. Першапачаткова яна павінна была паехаць са школай, але захварэла і прапусціла паездку. Таму бацькі знайшлі падобны варыянт праз турыстычнае агенцтва.
Да Іспаніі дзеці дабіраліся аўтобусам. Дарогай яны спыняліся ў некалькіх еўрапейскіх гарадах, у тым ліку ў Парыжы, дзе наведалі Дыснейленд. Паездка абышлася прыкладна ў 4100—4200 злотых.
Праграма была насычаная, але начныя пераезды аўтобусам даліся дзяўчынцы цяжка. Да канца паездкі дзеці стамляліся нават ад забаваў.
— Калі дачка вярнулася, сказала: «Цяпер пасля гэтага адпачынку мне яшчэ трэба адпачываць», — распавядае Людміла.
«Гэтыя фірмы ўмеюць добра арганізоўваць паездкі»
Сёлета арганізатары зноў прапанавалі паездку ў Іспанію аўтобусам. Такі варыянт каштаваў каля 4 тыс. злотых. Але, улічыўшы леташні досвед, Людміла вырашыла, што гэтым разам дачка паляціць самалётам.
З падругамі яна адправілася на восем дзён і сем начэй у Льёрэт-дэ-Мар — курортны горад недалёка ад Барселоны. Паездка абышлася прыкладна ў 5 тыс. злотых. У кошт увайшлі пералёт, пражыванне ў чатырохзоркавым гатэлі, трохразовае харчаванне, заняткі іспанскай мовай і пляжныя забавы. Дзеці каталіся на катамаранах і лодках, хадзілі на пляж і разам з выхавальнікамі падымаліся на гару сустракаць захад сонца. Дадатковыя экскурсіі, напрыклад паездку ў Барселону, можна было аплаціць асобна.
У гатэлі прапаноўвалі нумары на двух, трох або чатырох чалавек. Дзяўчынкі абралі чатырохмясцовы нумар, каб жыць разам.
За групай з прыкладна 20 дзяцей сачылі шэсць выхавальнікаў. Яны суправаджалі падлеткаў на пляжы і падчас водных забаваў, а таксама заставаліся на сувязі з бацькамі. Дзеці маглі самастойна гуляць паблізу гатэля, але павінны былі паведамляць выхавальнікам, куды ідуць, і вяртацца прыкладна да 23.00.
Паводле слоў Людмілы, замежны лагер аказаўся не нашмат даражэйшы за некаторыя школьныя паездкі па Польшчы. Напрыклад, сёлета за чатырохдзённую паездку ў Бяшчадзі ў межах «зялёнай школы» бацькі павінны былі заплаціць 3300 злотых.
— Гэтыя фірмы ўмеюць добра арганізоўваць паездкі: прапануюць шмат розных забаваў, таму дзецям падабаецца. Лепш хай яна пагрэецца ў Іспаніі, чым ходзіць каля мора [у Польшчы] у куртцы, — кажа Людміла.
Дадаткова яна дала дачцэ 400 еўра на экскурсіі, пакупкі і іншыя выдаткі. Маці не абмяжоўвала яе траты, але магла сачыць за плацяжамі праз Apple Pay. Паводле слоў Людмілы, звычайна дачка расходуе няшмат.