Кульмінацыя народнай барацьбы супраць імперыі
8- Сяргей Наўмычык
- 27.07.2026, 19:08
- 4,874
Беларусь стала незалежнай дзяржавай дэ-юрэ.
27 ліпеня 1990 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце прымалася ў атмасферы, у якой, як сказаў Васіль Быкаў (ішла прамая тэлетрансляцыя), «панавала пахавальная атмасфера» — парламенцкая большасць паслядоўна выключала з прадстаўленага дэпутатамі БНФ праекта ўсё, што юрыдычна замацоўвала сапраўдную незалежнасць. Змагаліся за кожную фармулёўку, за кожнае слова. Некаторыя палажэнні нам удалося адстаяць, але ў рэшце рэшт камуністы праталкнулі артыкул пра «Саюзны дагавор».
І ўсё ж гэта быў важны дакумент, апіраючыся на які, у наступныя 13 месяцаў БНФ распрацоўваў законапраекты ў галіне аднаўлення дзяржаўных інстытутаў, дэмакратызацыі грамадства і пераходу да рыначнай эканомікі. На кожнай сесіі мы патрабавалі надаць Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус дакумента, які мае канстытуцыйную сілу. Гэтае патрабаванне замацоўвалася і ў свядомасці дэпутатаў, і ў грамадскай свядомасці (дзякуючы тым жа тэле- і радыётрансляцыям).
25 жніўня 1991 года на Сесіі Незалежнасці адбылася кульмінацыя народнай барацьбы супраць імперыі — Беларусь стала незалежнай дзяржавай дэ-юрэ. Важны момант: у той жа дзень па патрабаванні народа была спыненая дзейнасць КПБ — КПСС.
Тое, што працэс набыцця незалежнасці складаўся з некалькіх этапаў, не павінна нараджаць пачуцця ўласнай непаўнавартаснасці: беларусы знаходзіліся ў іншых, значна горшых умовах, чым некаторыя суседзі. Два стагоддзі расійскай акупацыі (з бесперапыннай русіфікацыяй) немагчыма пераадолець за адзін дзень. І, як паказала жыццё, нават за некалькі дзесяцігоддзяў.
Таксама памылкова лічыць беларусаў непаўнавартаснай нацыяй толькі таму, што яны прывялі да ўлады дыктатара. Наўрад ці ў каго мова павернецца назваць непаўнавартаснай нацыю, што дала свету Гётэ і Гегеля, Баха і Бетховена, — аднак немцы дэмакратычным шляхам прывялі да ўлады Гітлера. Яшчэ даўжэй за фюрэра кіравалі Франка і Салазар (39 і 36 гадоў адпаведна), але ніхто не называе іспанцаў і партугальцаў дурнямі.
Унікальнасць — не ў беларусах. Унікальнасць — у асобе, што ўзурпавала ўладу, бо ў сусветнай гісторыі не было выпадку, каб кіраўнік краіны падрываў яе суверэнітэт.
Але калі суверэнітэт выстаяў больш за тры дзесяцігоддзі, нягледзячы на ягонае паслабленне ўзурпатарам, — тым больш падставаў спадзявацца, што ён перажыве і самога ўзурпатара.
Сяргей Наўмычык, Facebook