29 лiпеня 2026, Серада, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка чудачыць

5
Лукашэнка чудачыць
Валер Карбалевіч

У кожнага персаналісцкага дыктатарскага рэжыму свая «восень патрыярха»

Невыпадкова канстытуцыі большасці краін свету ўтрымліваюць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта вынік аналізу доўгага гістарычнага досведу чалавецтва.

Калі паглядзець на гісторыю персаналісцкіх дыктатарскіх рэжымаў, можна заўважыць вялікую розніцу ў паводзінах дыктатараў на пачатку іх кіравання і напрыканцы. На фінішным этапе сваёй дзейнасці яны, як правіла, прымалі дзіўныя рашэнні. І гэта невыпадкова. Бо доўгае і неабмежаванае валадарства прыводзіць да таго, што дыктатары ў пэўны момант адрываюцца ад рэчаіснасці і пачынаюць чудачыць.

Да такога даволі трывіяльнага выснову падштурхнуў загад Аляксандра Лукашэнкі накіроўваць на вайсковыя зборы нядбайных работнікаў падчас уборачнай кампаніі. У гэтым плане кіраўнік Беларусі ніяк не выбіваецца з агульнага шэрагу лідараў, што доўга трымаюцца ва ўладзе. Тут усё ў межах, так бы мовіць, дыктатарскай «нормы».

Як вядома, абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Калі ў сістэме кіравання дзяржавай адсутнічаюць механізмы стрымлівання і проціваг, ва ўмовах адмоўнага кадравага адбору дыктатару ніхто не адважваецца запярэчыць, ён пераконваецца ў сваёй непамылковасці. Нават рацыянальныя аўтакраты з развітой палітычнай інтуіцыяй праз нейкі час губляюць сувязь з рэчаіснасцю, пачынаюць чудачыць, прымаць рашэнні, якія выглядаюць дзіўнымі.

Дыктатары чудачаць

Усе гэтыя заганы датычацца і асобаў, што ўвайшлі ў гісторыю як выбітныя. Напрыклад, дагэтуль гісторыкі шукаюць рацыянальныя прычыны, паводле якіх Напалеон, уладар Еўропы, пайшоў у паход супраць Расійскай імперыі, што прывяло яго да палітычнага краху.

Увогуле прыкладаў, калі дыктатары пад канец свайго кіравання пачыналі чудачыць, вельмі шмат.

Іосіф Сталін апошнія гады жыцця сядзеў на дачы, працаваў вельмі мала, разагнаў лекараў, бо падазронасць дайшла да стадыі параноі. Мікіта Хрушчоў у пачатку кіравання рабіў пэўныя ліберальныя крокі, а напрыканцы пачаў фантанаваць рознымі дзівакуватымі пераўтварэннямі. Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску спачатку быў даволі папулярны ў сваёй краіне, а на закатзе палітычнай кар’еры ператварыўся ў чалавека, маніякальна зацыкленага на ўласнай бяспецы, якога ўсе ненавідзелі.

Нават прэм’ер Венгрыі Віктар Орбан за 16 гадоў кіравання ва ўмовах рэжыму з пэўнымі аўтарытарнымі рысамі пачаў жыць у своеасаблівай інфармацыйнай бурбалцы, перастаў адчуваць свой народ і не прадбачыў набліжэння электаральнага краху.

Вельмі добрай ілюстрацыяй да высновы пра неадэкватнасць позняга аўтарытарызму з’яўляюцца дзеянні Уладзіміра Пуціна. Тэзіс вядомага выступу блогеркі Вікторыі Боні пра тое, што «прэзідэнт адарваны ад рэчаіснасці», даволі дакладна адлюстроўвае настроі значнай часткі нават лаяльнага да ўлады насельніцтва. Заявы Пуціна, што «спецыяльная ваенная аперацыя» ідзе паводле плана, усё нармальна, расійскія войскі наступаюць і хутка перамогуць на фоне паліўнага крызісу, чаргаў за бензінам, паўблакады Крыма, выклікаюць пытанні адносна адэкватнасці чалавека.

Калі абсурднасць загаду нікога не хвалюе

Але вернемся да Лукашэнкі. Шмат што з таго, што ён робіць, цяжка патлумачыць з рацыянальнага пункту гледжання.

Асабліва гэта заўважна ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Цяжка ўспомніць, якія праекты, ініцыяваныя Лукашэнкам, былі рэалізаваныя. Але ён прыдумляе новыя: стварыць аграсэрвісы ў райцэнтах, пабудаваць дзесяць комплексаў па вытворчасці рыбы, будаваць па ўсёй краіне прафілакторыі для цялят і іншае.

Шмат ідэй выклікаюць пытанні: нашто будаваць яшчэ адну АЭС або энергаблок, калі ў краіне лішак электраэнергіі? Нашто будаваць завод па вытворчасці халадзільнікаў, калі мінскі «Атлант» не ведае, куды дзевіць сваю прадукцыю? Нашто будаваць цэлюлозна-папяровы камбінат у Віцебскай вобласці, калі Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат з’яўляецца стратным, не мае дастатковых і стабільных рынкаў збыту?

Многія разы ён звяртаецца да адных і тых жа пытанняў (бесгаспадарчасць на сельгаспрадпрыемствах, гінуць цяляты), лёсу адных і тых жа прадпрыемстваў («Камволь»), дае загады ўсё выправіць, але дзесяцігоддзямі нічога не змяняецца. Лукашэнка збірае новыя нарады, аддае тыя ж самыя загады з аднолькавымі вынікамі — нулявымі. Здавалася б, варта спыніцца і падумаць, чаму гэта не працуе. Але не. Прычыны няўдач ён бачыць у дрэннай дысцыпліне.

І нічога лепшага не прыдумаў, як прымусова накіроўваць на вайсковыя зборы нядбайных работнікаў. Абсурднасць загаду нікога не хвалюе. Чыноўнікі навыперадкі кінуліся выконваць даручэнне. І цяпер за жнівом на палях сочаць ужо не толькі шматлікія кантралёры, міліцыянеры, але і ваенкамы. Атрымліваецца, кантралёраў ужо амаль столькі ж, колькі камбайнёраў.

Фантазіі, капрызы, пажаданні аднаго чалавека імгненна ўвасабляюцца ў дзяржаўныя рашэнні — ідзе ці гаворка пра правядзенне чэмпіянату ў кальцы з дроў або пошукі хакейнага трэнера для мінскага «Дынама».

У кожнага персаналісцкага дыктатарскага рэжыму свая «восень патрыярха».

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках