У Расіі створзяць «спіс ворагаў народа»
2- 24.07.2026, 17:25
- 1,454
З антываенных рэлакантаў.
Савет Федэрацыі на пленарным пасяджэнні ў пятніцу зацвердзіў закон аб абмежавальных мерах для завочна асуджаных палітычных эмігрантаў з Расіі, піша The Moscow Times.
Згодна з дакументам, які 22 ліпеня Дзярждума адабрала адразу ў двух чытаннях і які цяпер будзе накіраваны на подпіс прэзідэнту, Мінюст будзе весці афіцыйны спіс асоб, якія «ўхіляюцца» ад «выканання пакарання» і знаходзяцца за мяжой.
У яго будуць уносіцца грамадзяне, якім вынесены прысуды па любым артыкуле КК, а таксама па палітычных артыкулах КаАП: невыкананне прадпісанняў паводле закона аб «інагентах», удзел у дзейнасці «нежаданых арганізацый», «дыскрэдытацыя» ўзброеных сіл, заклікі да ўвядзення санкцый або да «парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці РФ».
Права ўносіць расіян у «чорны спіс» атрымліваюць Генпракурор і ягоны намеснік. Інфармацыя з базы будзе перадавацца ў МУС, ФСБ, ФСІН, ФССП, ФНС, Расрэестр, ЦБ РФ і іншыя ведамствы для ўвядзення абмежаванняў.
Грамадзяне РФ, якія трапілі ў пералік, атрымліваюць поўную забарону на дыстанцыйныя банкаўскія паслугі; поўную адмову ў дзяржаўных і муніцыпальных паслугах у электроннай форме («Госуслуги»). Ім блакуюцца аперацыі з нерухомасцю, замарожваюцца грошы і маёмасць.
Больш за тое, практычна ўводзіцца забарона на консульскія паслугі за мяжой. Пасольствы і консульствы РФ па ўсім свеце, згодна з законам, больш не будуць выдаваць новыя замежныя пашпарты ўключаным у «чорны спіс», а таксама іншыя дакументы, апроч пасведчання, што чалавек жывы. Таксама ўводзіцца забарона на рэгістрацыю ў якасці ІП і самазанятага, атрыманне любых выплат з бюджэту, атрыманне крэдытаў і пазык, а таксама любыя дзеянні ад імя чалавека па даверанасці.
Маштаб абмежаванняў у законе такі, што «гэта падобна да фактычнага пазбаўлення грамадзянства», пісалі раней эксперты «Першага аддзела»: «Дзяржава захоўвае над чалавекам юрысдыкцыю і кантроль, працягвае патрабаваць выканання пакарання, але не прадастаўляе істотнай часткі тых правоў, якія звычайна звязаныя з грамадзянствам».
Чалавек, які з'ехаў па палітычных матывах і прызнаны «ўхіляючымся», атрымлівае статус унутрана «скасаванага грамадзяніна», падкрэсліваў «Першы аддзел»: «Усё, што звязана з РФ (маёмасць, рахункі, бізнес, консульскія паслугі), можна выкарыстаць супраць яго, а ён сам практычна пазбаўлены магчымасцяў гэта хоць неяк выкарыстаць на сваю карысць».