Рыбак з Рагачова выцягнуў двухметровага сома-гіганта
7- 24.07.2026, 17:44
- 1,562
Барацьба з рыбай працягвалася 40 хвілін.
Рыбалка на старыцы Дняпра абярнулася для жыхара Рагачова Леаніда Сакалова асабістым рэкордам. Мужчына злавіў сома даўжынёй 2 метры і вагой 55 кг, паведаміў партал FishingBY.

Рыбак накіраваўся на вадаём каля вёскі Ільіч Рагачоўскага раёна. Ён лавіў з лодкі метадам тролінгу, калі сом атакаваў 130-міліметровы воблер.
На гэтым спакойная рыбалка скончылася: каб падняць буйную і моцную рыбу, Леаніду спатрэбілася каля 40 хвілін.
«Засёкся дакладна на 2 кручкі. Далей — хвілін 40 няпростай барацьбы з гэтым гігантам», — распавёў рыбак.
Улоў стаў асабістым рыбацкім рэкордам Леаніда. Даўжыня сома склала роўна 2 метры, вага — 55 кг.
Вялікія сомы трапляюцца ў вадаёмах краіны даволі часта, аднак экзэмпляры цяжэйшыя за 50 кг лічацца рэдкімі трафеямі.