Стаў вядомы прысуд беларускаму падпалкоўніку, які выступіў супраць вайны
37- 20.07.2026, 13:59
- 39,426
Лукашысты абвінавацілі яго ў «здрадзе дзяржаве».
Былага беларускага вайскоўца Антона Чарэмных асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі па справе аб «здрадзе дзяржаве» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Пра прысуд, вынесены яшчэ ў 2024 годзе, стала вядома толькі цяпер, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Антон Чарэмных — падпалкоўнік, былы намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. У яго двое дзяцей.
Паводле звестак праваабаронцаў, справу Чарэмных у лютым 2024-га ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Сяргей Кацер. Былага вайскоўца прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага) і ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні). Яму прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У верасні 2024-га Чарэмных уключылі ў пералік асоб, якіх улады лічаць датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці. Цяпер ён адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.
Нагадаем, пра затрыманне падпалкоўніка стала вядома ў сакавіку 2023-га. Яго былыя саслужыўцы распавядалі «Зеркалу», што пасля падзей 2020 года Чарэмных збіраўся сыходзіць з арміі, а пасля расійскага ўварвання ва Украіну не хаваў сваёй антываеннай пазіцыі.
«Сваю пазіцыю наконт вайны ён не хаваў. Распавядаў, што не хацеў пераказваць салдатам прарасійскія тэзісы прапаганды, бо ведаў, што гэта няпраўда», — казаў адзін з былых саслужыўцаў Антона.
Па яго словах, афіцэр таксама падтрымліваў альтэрнатыўнага кандыдата на выбарах 2020 года і адкрыта спрачаўся з калегамі, якія трымаліся супрацьлеглых поглядаў.
«Пасля падзей 2020 года ён збіраўся сыходзіць з арміі, чакаў, калі скончыцца кантракт», — сцвярджаў суразмоўца.