Прэзідэнт Бангладэш падаў у адстаўку
- 24.07.2026, 18:08
Фота: ТАСС / Mahmud Hossain Opu / AP
76-гадовы Махамад Шахабуддін пакідае пасаду з прычыны хваробы.
Прэзідэнт Бангладэш Махамад Шахабуддін афіцыйна падаў у адстаўку. Прычынай гэтага рашэння стаў стан ягонага здароўя, паведамляе мясцовы партал banglanews24.
Ён падаў заяву спікеру Нацыянальнай асамблеі Хафізу Уддзіну Ахмеду, які абвясціў пра адстаўку кіраўніка дзяржавы на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным парламенце.
Як піша партал, у заяве прэзідэнт адзначыў, што не можа выконваць свае абавязкі, бо пакутуе на сардэчнае захворванне, высокі крывяны ціск, цукровы дыябет і ўскладненні з боку нырак, а таксама хварэе на вегетатыўную неўрапатыю.
Абавязкі кіраўніка дзяржавы часова возьме на сябе спікер парламента, а новы прэзідэнт павінен быць абраны цягам 90 дзён.
Шахабуддін нарадзіўся 10 снежня 1949 года ў горадзе Пабна. Паводле адукацыі ён юрыст і псіхолаг. Ён працаваў выкладчыкам і журналістам, пасля займаўся адвакатскай практыкай і служыў суддзёй. Шахабуддін таксама быў камісарам Антыкарупцыйнай камісіі Бангладэш.
Ён уступіў на пасаду прэзідэнта ў красавіку 2023 года.