24 лiпеня 2026, Пятніца, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр вядомы рэжысёр Юрый Хашчаватскі

24
Памёр вядомы рэжысёр Юрый Хашчаватскі
Юрый Хашчаватскі

Ён зняў культавыя фільмы «Плошча» і «Звычайны прэзідэнт».

Памёр беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчаватскі. Яму было 78 гадоў. Пра гэта Charter97.org паведамілі яго знаёмыя.

Юрый Хашчаватскі нарадзіўся 18 кастрычніка 1947 года ў Адэсе. Пасля атрымання дыпломаў спачатку Адэскага тэхнічнага інстытута, а потым Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі, ён уладкаваўся на працу рэжысёрам у «Белтаргрэкламу». Потым працаваў на беларускім тэлебачанні, у «Беларускім тэлефільме», а з 1989 года — на «Беларусьфільме».

За сваю творчую кар’еру зняў больш за трыццаць дакументальных і мастацка-публіцыстычных фільмаў. Сярод іх — «Гэта ціхае жыццё ў Глыбокім», «Тут быў Крылоў», «Сустрэчны пазоў», «Усё добра», «Рускае шчасце», «Аазіс», «Час Чжоу Эньлая», «Багі сярпа і молата», «Дажыць да кахання», «Каўказскія паланёныя» і «У пошуках ідыша».

Найбольшую вядомасць Хашчаватскаму прынёс дакументальны фільм «Звычайны прэзідэнт», створаны ў 1996 годзе. Стужка прысвечана першым гадам кіравання Аляксандра Лукашэнкі і была знятая ў жанры палітычнага памфлета. Фільм атрымаў шэраг міжнародных узнагарод, у тым ліку Прэмію міру Берлінскага кінафестывалю, Гран-пры арганізацыі Human Rights Watch у Нью-Ёрку і прыз «Залатыя вароты» на кінафестывалі ў Сан-Францыска. Сцэнар да фільма напісаў Леанід Міндлін, прадзюсарам стаў Пётр Марцаў. У здымках удзельнічаў былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка, які ў 1999 годзе быў выкрадзены і знік бяз вестак.

Шырокі розгалас атрымаў таксама фільм «Плошча», які распавядае пра прэзідэнцкія выбары 2006 года ў Беларусі і пратэсты на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

У грамадскім жыцці Юрый Хашчаватскі быў адным з заснавальнікаў Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры ў 1988 годзе, уваходзіў у праўленне гэтай арганізацыі, але пазней пакінуў яго з-за рознагалоссяў. У канцы 1990-х гадоў быў сябрам Рады дырэктараў Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў.

У палітычнай дзейнасці Хашчаватскі адкрыта выступаў як апанент улады Лукашэнкі. Ён таксама быў сябрам аргкамітэта грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2018 годзе рэжысёр даў вялікае інтэрв’ю сайту Charter97.org, у якім распавёў пра свой жыццёвы шлях.

Рэдакцыя сайта Charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім Юрыя Хашчаватскага.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках