Лукашэнка зрабіў чыстасардэчнае прызнанне
6- Андрэй Бранішэўскі
- 24.07.2026, 14:51
- 5,264
Дыктатар распавёў, што ўсё праваліў.
Замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі маюць вялікі практычны эфект для народнай гаспадаркі. З сваіх камандзіровак па краінах далёкай дугі Лукашэнка прывёз дзесяткі праектаў на мільярды долараў. Ён сам так сказаў на нарадзе з урадам у пятніцу. Праўда, паскардзіўся, што чамусьці нічога не працуе.
«Мы здзяйсняем нямала складаных, цяжкіх камандзіровак, як гэта было апошнім разам, калі давялося наведаць чатыры краіны… Эфект ад гэтых камандзіровак вельмі прыстойны», — пахваліўся Лукашэнка.
Паводле яго слоў, за час сваіх паездак ён абмеркаваў 60 інвестыцыйных праектаў на агульную суму ў 6 мільярдаў долараў. І ўсё з вялікім поспехам.
«Там, дзе мы бываем, нас разумеюць і хочуць з намі супрацоўнічаць… Па Кітаі ажно два дзясяткі праектаў», — сказаў Лукашэнка.
То-бок, Беларусь ужо павінны былі заваліць грашыма. Не дарэмна ж чалавек ездзіў. Мільярды долараў павінны былі праліцца на беларускую эканоміку. Але чамусьці не праліліся.
«Гэта ўсё добра. Гэта ўсё дыпламатыя. Але з'ездзілі, а дзе вынік?», — здзівіўся Лукашэнка.
І сапраўды, вельмі хацелася б убачыць хоць нейкія вынікі. Ну, апроч справаздач пра чарговы геапалітычны прарыў па беларускім тэлебачанні.
У кастрычніку мінулага года Лукашэнка пахваліўся грандыёзным інвестпраектам з аманскімі шэйхамі. Аманскія шэйхі павінны былі ўкласці 1,4 мільярда долараў і пабудаваць цэлюлозна-папяровы камбінат у Віцебскай вобласці. Але не ўклалі. За восем месяцаў з моманту падпісання мемарандума праект прасунуўся роўна нікуды.
«Аказваецца, патрэбна аж два прэзідэнцкія ўказы: першы — каб у літаральным сэнсе слова расчысціць пляцоўку пад будаўніцтва ад старых інвестараў, другі — каб запусціць новы інвестпраект, — абурыўся Лукашэнка. — Самі сабе ствараем надуманыя бюракратычныя праблемы, з якімі гераічна змагаемся месяцамі».
Бо падпісаць цэлых два ўказы — гэта, вядома, ужо амаль непасільная праца. За восем месяцаў ніяк не паспець. Таму вінаватыя чыноўнікі, якія займаюцца бюракратычнай валакітай, замест таго, каб проста зрабіць прыгожа.
Праўда, аманскія шэйхі таксама не спяшаюцца і не падганяюць. Магчыма, таму што за восем месяцаў вывучылі пытанне і цяпер у курсе, што адзін ЦПК у Беларусі ўжо ёсць. Ён абышоўся ў 800 мільёнаў долараў і дагэтуль працягвае дорага абыходзіцца беларускаму бюджэту.
Але на свае ідэі Лукашэнку грошай не шкада. Яшчэ адна перспектыўная ідэя — будаўніцтва сумесных сборкавых вытворчасцей у краінах Афрыкі. Бо краіны Афрыкі ў беларускім тэлебачанні — гэта новае Эльдарада. Праўда, высветлілася, што ў гэтым Эльдарадзе грошай, каб укладацца ў сумесныя сборкавыя праекты, няма.
«Гэтым краінам патрэбныя жывыя інвестыцыі — сродкі для будаўніцтва новых прадпрыемстваў па нашых тэхналогіях, — сказаў Лукашэнка. — Чаму не выкарыстоўваем дзяржаўны фінансавы рэсурс, каб дапамагчы нашым флагманам?».
То-бок, укладвацца давядзецца Беларусі. Але чаго не зробіш, каб даказаць, што ездзіў не дарма. А перспектыўныя афрыканскія партнёры беларускія інвестыцыі, вядома, з радасцю прымуць. Праўда, не факт, што потым вернуць.
І тады зноў давядзецца шукаць вінаватых. Абвінавачваць чыноўнікаў, што яны недагледзелі і не падлічылі. Бо сам Лукашэнка ні ў чым, вядома ж, быць вінаватым не можа. У яго ж яшчэ столькі геніяльных ідэй.
Андрэй Бранішэўскі, planbmedia.io