ЗСУ ўдарылі па бізнесе сябра Пуціна
14- 20.07.2026, 13:06
- 35,268
Пачаўся маштабны пажар.
Лагістычны камплекс «Паўднёвыя вароты» ў Падмаскоўі, які ў панядзелак быў атакаваны беспілотнікамі ЗСУ, належыць фонду сябра Пуціна, віяланчэліста Сяргея Ралдугіна. На гэта звярнула ўвагу «Агентство». Аб’ект агульнай плошчай 600 000 кв. м, размешчаны ў гарадскім акрузе Дамадзедава прыкладна ў 28 кіламетрах паўднёвей ад МКАД, трапіў пад удар дронаў раніцай 20 ліпеня, пасля чаго на складах успыхнуў пажар. У выніку атакі ў Дамадзедаве, паводле даных губернатара Падмаскоўя Андрэя Вараб’ёва, пацярпелі сем чалавек.
«Паўднёвыя вароты» ўяўляюць сабой групу буйных складоў, у тым ліку плошчы Wildberries, «Лемана Про», Alibaba Group і інш. Паводле Forbes, гэты хаб — найбуйнейшы актыў кампаніі Instone Development. У 2022 годзе ад чэшскай PPF Real Estate, якая вырашыла прадаць актывы з-за вайны ва Украіне, комплекс перайшоў кампаніі «Венталл-Девелопмент», пасля чаго восенню 2023-га яна перадала кіраванне складскім бізнесам кампаніі Instone. На пачатку 2026-га асноўным уладальнікам Instone стаў фонд «Талент і поспех», у якім Ралдугін з’яўляецца заснавальнікам, а Пуцін — кіраўніком папячыцельскай рады. Згодна з сістэмай «Спарк», фонд валодае 84% кампаніі. Яшчэ 11% — ва ўласнасці «Цинтэкс», які таксама належыць фонду «Талент і поспех».

У выніку налёту на Дамадзедава шасцёра пацярпелых, уключаючы трох грамадзян Кітая, былі шпіталізаваныя ў гарадскую бальніцу, паведаміў Вараб’ёў. 74-гадовага мужчыну, які атрымаў множныя асколачныя раненні, рыхтуюць да пераводу ў маскоўскую бальніцу. У 53-гадовага пацярпелага — адкрыты пералом сцягна, у 26-гадовага мужчыны — раненне галёнкі. Яшчэ чацвёра атрымалі асколачныя раненні. Адзін з іх адмовіўся ад шпіталізацыі, заявіў губернатар. На апублікаваным з месца НС відэа адзін з пажарных кажа, што з палаючага будынка выцякла бытавая хімія: «Рэч ядкая, падобна на „Азеліт“».

Таксама, паводле даных уладаў, у Адзінцоўскім акрузе ў 11-гадовай дзяўчынкі дыягнаставалі вострую рэакцыю на стрэс, шпіталізацыя не спатрэбілася. Яшчэ дзве жанчыны пацярпелі ў Падольску, дзе пад атаку БПЛА трапілі нафтабаза і буйны склад Wildberries, два іншыя яго аб’екты — у Электрасталі і Тамбоўскай вобласці — успыхнулі ў выніку суботніх удараў дронаў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў пра ўдары па лагістычных аб’ектах і нафтабазе ў Маскоўскай вобласці і назваў гэта «вынікам працы нашых далёкабойных санкцый». Ён адзначыў, што адлегласць ад мяжы Украіны да атакаваных аб’ектаў — больш за 400 км.