Што прынясе Беларусі наймацнейшы за 140 гадоў супер-Эль-Ніньё?
14- 9.06.2026, 20:45
- 21,590
Тлумачыць кліматолаг.
Мэтэаролагі і кліматолагі папярэджваюць, што ў 2026–2027 гадах можа адбыцца наймацнейшы за апошнія 140 гадоў супер-Эль-Ніньё, які прынясе павышэнне тэмпературы паверхні акіяну, а разам з тым – нястабільнае надвор’е і экстрэмальныя кліматычныя з’явы. Што гэта такое, адкуль бярэцца, якую небяспеку нясе, як да яго падрыхтавацца і якія наступствы ад яго будуць для Беларусі? У размове з «Белсатам» тлумачыць кандыдат геаграфічных навук, кліматычны эксперт, прадстаўніца альянсу «Зялёная Беларусь» Ганна Скрыган.
У чым сутнасць Эль-Ніньё?
Эль-Ніньё – гэта глабальная кліматычная з’ява, пры якой тэмпература павярхоўнага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна анамальна павышаецца. Гэта парушае звыклыя атмасферныя плыні і правакауе рэзкія змены надвор’я (засухі, паводкі і тэмпературныя рэкорды) па ўсёй планеце.
Гэта перыядычны працэс (узнікае раз на 2–7 гадоў, доўжыцца ад дзевяці да 12 месяцаў) у акіяне, звязаны з асаблівасцямі цыркуляцыі вады ў ім, тлумачыць Ганна Скрыган. Пачынаецца ён звычайна ад узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. Там дзьмуць вятры трапічных шыротаў, якія называюцца «пасатамі». Яны дзьмуць у Ціхім акіяне ад Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі ў бок Азіі.
«Назіраецца такая з’ява, як згон вады – вецер перамяшчае павярхоўныя воды. Тады атрымліваецца, што ля ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі вады як быццам становіцца меней. Гэтая сітуацыя спрыяе таму, што з глыбінь вада падымаецца на паверхню – гэтая з’ява называецца «апвелінг». Вада на глыбіні халаднейшая ў параўнанні з паверхняй. І таму ля ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі ў норме знаходзіцца халодная Перуанская плынь. Яна не дазваляе выпадаць дажджам у пустыні Атакама і дазваляе збіраць велізарныя ўлоўы перуанскага анчоуса, бо халодная вада багатая кіслародам, што спрыяе размнажэнню рыбы», – тлумачыць эксперт.
Павярхоўная цёплая вада прыбіваецца пасатамі да ўзбярэжжаў Азіі і там назапашваецца цягам некалькіх гадоў.
«Як пуховая коўдра збіраецца арэал гэтай цёплай вады. Ён становіцца большы ў глыбіню і ўшыр, а раз на некалькі гадоў адбываецца перазагрузка гэтай сістэмы – калі пасаты сціхаюць і цёплая вада перастае перамяшчацца ад Паўднёвай Амерыкі да Азіі. Тады халодныя плыні знікаюць – халоднай вадзе няма сэнсу падымацца ўгору, бо цёплая больш не здуваецца. І вось гэты момант, калі гэтая халодная Перуанская плынь знікае, называецца Эль-Ніньё», – кажа кліматолаг.
Што прынеслі папярэднія супер-Эль-Ніньё?
Гэта адбываецца звычайна пад Каляды. Там, дзе вада звычайна халодная, яна становіцца цёплай. У бязводнай пустыні Атакама выпадаюць дажджы. Гіне рыба – той самы перуанскі анчоус, бо ён адчувальны да тэмпературы і фактычна не пераносіць цёплую ваду. Яго ўлоў рэзка падае. Калі звычайна вылоўліваюць 8–9 млн тон, то ў год Эль-Ніньё – толькі 2 млн тон.
«Сцішэнне пасатаў рыкошэтам уплывае на ўсю зямную сістэму, і тады цягам наступнага года па ўсёй планеце назіраюцца розныя анамаліі. У Сахары пачынаюць выпадаць дажджы, дзе-нідзе, наадварот, з’яўляюцца рэзкія тайфуны, дзе-нідзе – засуха. Надвор’е становіцца анамальным», – кажа эксперт.
Супер-Эль-Ніньё з’яўляецца, калі тэмпература паверхні ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна становіцца анамальна высокай, вышэйшай, чым падчас звычайнага Эль-Ніньё. Так бывае раз у 10–20 гадоў.
Магутныя супер-Эль-Ніньё адбываліся ў 1982–1983, 1997–1998 і 2015–2016 гадах.
Супер-Эль-Ніньё выклікаюць:
паводкі ў Перу і Эквадоры;
моцныя засухі ў Індонезіі і Аўстраліі;
неўраджаі ў шэрагу краін;
масавае абясцвечванне каралаў;
рэкордна высокія глабальныя тэмпературы.
Напрыклад, Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў выклікаў маштабныя паводкі на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Ён лічыцца адным з самых разбуральных кліматычных падзей ХХ стагоддзя.
Супер-Эль-Ніньё 2015–2016 гадоў прывёў да беспрэцэдэнтнага павышэння глабальнай тэмпературы, справакаваў рэкордныя хвалі спякоты, маштабныя засухі, неўраджаі і лясныя пажары ў адных рэгіёнах, а таксама разбуральныя зліўні і паводкі – у іншых. 2016 год быў прызнаны адным з самых спякотных у гісторыі метэаназіранняў.
Супер-Эль-Ніньё 2026–2027 гадоў можа стаць яшчэ больш магутным.
Эль-Ніньё і глабальнае пацяпленне
Ганна Скрыган параўноўвае Эль-Ніньё з вентылятарам:
«Уявіце, што Ціхі акіян – гэта велізарны пакой. А пасярод стаіць вентылятар. Вентылятар працуе – у Азіі цёпла, у Амерыцы халодна, рыбаловы ў Перу задаволеныя. Гэта норма. Вентылятар на максімуме – цяпло назапашваецца, як каля батарэі. Гэта Ла-Нінья. Вентылятар зламаўся – батарэя разраджаецца. Цяпло вырываецца ў атмасферу. Рэкардныя тэмпературы. Засухі. Паводкі. Гэта Эль-Ніньё».
Важны нюанс, пра які мала кажуць, – кожны наступны Эль-Ніньё разраджае «батарэю» пры больш высокай глабальнай тэмпературы, заўважае экспертка. Планку падымаюць кліматычныя змены.
«Эль-Ніньё сам па сабе не вінаваты ў кліматычным крызісе – ён проста ўзмацняе тое, што ўжо ёсць. Менавіта таму супер-Эль-Ніньё 2026 года можа стаць наймацнейшым за 140 гадоў. Яго амплітуда будзе ад пачатку высокай. Акрамя таго, ужываючы эканамічны тэрмін, ён “накладаецца на высокую базу” – на перагрэтыя воды акіяна, – кажа Скрыган. Тэмпература халоднай плыні цяпер вышэйшая, чым павінна быць у норме. Эль-Ніньё вызваляе велізарную колькасць цяпла з акіяна ў атмасферу. І калі гэта адбываецца на фоне клімату, які ўжо пацяплеў, наступствы могуць быць сапраўды маштабнымі і непрадказальнымі».
Паводле даных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, Эль-Ніньё ў гэтым годзе сфармуецца, хутчэй за ўсё, улетку – у чэрвені–жніўні (80%) і на 90% будзе захоўвацца да канца года. Большасць мадэляў паказваюць, што пік прыпадзе на восень і пачатак зімы ў Паўночным паўшар’і – з верасня па снежань 2026 года.
Найбольш заўважныя наступствы для глабальнай тэмпературы праявяцца не ў гэтым годзе, а праз некалькі месяцаў, і асноўны кліматычны эфект прыпадзе на 2027 год.
Кліматолагі і метэаролагі непакояцца, што ўплыў гэтага супер-Эль-Ніньё можа быць мацнейшы, чым раней, бо тэмпература паверхні ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна ўжо як мінімум на 1,5°C вышэйшая за сярэднюю, а сярэдняя тэмпература сушы вышэйшая на 1,3°C у параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай.
Падчас супер-Эль-Ніньё 1997–1998 гадоў наша планета была прыблізна на 0,4–0,5°C халаднейшая, чым сёння. Таму цяпер такі ж Эль-Ніньё, як у 1997 годзе, можа мець больш сур’ёзныя наступствы, бо стартавая тэмпературная кропка ўжо вышэйшая.
Чаго чакаць у Беларусі?
Паколькі Эль-Ніньё мае ўплыў на ўсю планету, ён закране і Беларусь, падкрэслівае Скрыган.
Ужо на пачатку года можна было ўбачыць, што змяняецца зімовая цыркуляцыя атмасферы, і арктычнаму паветру становіцца лягчэй трапіць у нашу краіну. Вясна была занадта сухой. Нягледзячы на вялікую колькасць снегу зімой, рэкі і азёры ўсё роўна не дабралі вады. У наступным годзе, паводле слоў эксперткі, можна будзе ўбачыць паглыбленне вясновай засухі праз недахоп ападкаў.
Па яе словах, чэрвень у Беларусі выдаўся даволі тыповым – з прахалодай і дажджамі.
Хоць беларускія сіноптыкі абяцалі, што першы летні месяц у гэтым годзе будзе цяплейшы за норму.
Паводле прагнозу, які даў сіноптык Дзмітрый Рябоў, у чэрвені сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 1–2 градусы вышэй за кліматычную норму, якая складае ад +15°C на паўночным захадзе краіны да +18°C на паўднёвым усходзе. Гэта амаль на 4°C вышэй, чым у маі. Чэрвень абяцае дзённую тэмпературу ад +20°C да +25°C, а ў асобныя дні нават да +26–30°C.
А вось ужо ў ліпені нас могуць чакаць хвалі спякоты і, магчыма, непрадказальныя і экстрэмальныя з’явы надвор’я.
Ведаючы пра ўплыў Эль-Ніньё на сусветны клімат, да наступстваў можна падрыхтавацца, кажа Скрыган. Напрыклад, на выпадак засухі можна трымаць на дачных участках ёмістасці для збору вады ў перыяд дажджоў.
«Калі казаць у маштабах краіны, варта змяняць структуру пасяўных плошчаў, чаргаваць сельскагаспадарчыя культуры. Напрыклад, згодна з прагнозамі польскіх спецыялістаў, гідралагічная суш ударыць па ўраджаі ягадных культур. У Польшчы гэта закране перадусім вырошчванне галубікі і трускаўкі. Падобнага можна чакаць і ў Беларусі і ўжо загадзя прымаць меры – апрацоўваць трускаўку каліем, напрыклад, што дапаможа захаваць ураджай, нягледзячы на засуху і спёку, у якой гэтай ягады давядзецца саспяваць», – тлумачыць суразмоўніца «Белсата».
Пік анамалій надвор’я прыпадзе на 2027 год, бо свайго максімуму Эль-Ніньё дасягне напрыканцы снежня – пад каталіцкія Каляды. Гэта можа выклікаць цёплую зіму, аднак Скрыган падкрэслівае, што цяпер дакладна гэта прадказаць немагчыма:
«У цэлым прагнозы далей, чым на сем тыдняў наперад, не маюць сэнсу. У іх вельмі нізкая верагоднасць. Улічваючы тое, як цяпер ламаецца кліматычная сістэма і якія незваротныя працэсы ў ёй адбываюцца, усё, што цяпер з упэўненасцю можна сказаць, – што надвор’е абсалютна непрадказальнае і можа быць што заўгодна», – падсумоўвае кліматолаг.