Як жа крута ўсё гэта гучыць па-беларуску!
51- 9.06.2026, 19:58
- 16,884
Беларусы падзяліліся любімымі выразамі на роднай мове.
Карыстальніца Threads з нікам anastasyaalekseeva папрасіла сваіх чытачоў назваць любімыя выразы беларускай мовы.
Дзяўчына апублікавала фота з сувенірнай крамы, на якім паказаныя магніты з некаторымі прыказкамі, такімі, як «не чапай, бо лясне», «а можа так і трэба», «хавайся ў бульбу», «усім Бог даў, а нам кінуў», «зяць любіць узяць», «гастры касу», «мар, стварай, кахай» і напісала: «Ох, ужо гэтыя беларускія выразы. А якая ў вас самая любімая?»
У адказ яна атрымала больш за 200 каментароў. Падпісчыкі назвалі свае любімыя фразы і выразы. Сайт Charter97.otg прыводзіць некаторыя з іх:
— Адыдзі, бо аднясуць.
— Знік у пошуках ежы.
— З глузду з'ехаў?
— Здыхлік несмяротны.
— Ёлупень нейкі.
— Не мела баба клопату — купіла парася.
— Цырк на дроце.
— Абяцанкі-цацанкі, а дурню радасць.
— Я ж каб калі дзе каму што якое, я ж ніколі нідзе нікому нічога ніякага, а калі ўжо што якое, дык што тут ужо такога!
— Ці то свінні елі, ці то шляхта піравала.
— Соль табе ў вочы, памяло ў зубы.
— Абы што!
— Усё будзе добра!
— Хай табе лясне!
— Нешта будзе, яшчэ ніколі не было, каб нічога не было.
«Дзякуй усім, я ўжо не магу стрымаць смех. Трэба будзе ўсё запісаць і выкарыстоўваць у маўленні. Як жа крута ўсё гэта гучыць па-беларуску!» — падзякавала аўтарка паста сваім падпісчыкам.