Усе новыя аўтамабілі ў ЕС будуць абсталяваныя алказамкамі
- 16.06.2026, 16:43
- 1,120
Падрыхтоўка да гэтага ўжо пачалася.
З ліпеня 2026 года ўсе новыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Еўразвязе, павінны быць тэхнічна гатовыя да ўсталявання алказамка — прылады, якая не дазваляе завесці аўтамабіль, калі кіроўца знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, піша «Еўрапульс».
Гэта не азначае, што кожнаму кіроўцу давядзецца дыхаць у алкатэстар перад кожнай паездкай. Новае правіла пакуль датычыцца не абавязковай праверкі ўсіх аўтамабілістаў, а падрыхтоўкі самога аўтамабіля: у ім павінен быць стандартны інтэрфейс, да якога пры неабходнасці можна хутка падключыць алказамок.
Як ён працуе? Перад запускам рухавіка кіроўца дыхае ў прыбор, а сістэма правярае ўзровень алкаголю. Калі ён вышэй за дапушчальную норму, аўтамабіль застаецца заблакіраваным і не заводзіцца.
Новае патрабаванне стала часткай палітыкі ЕС па павышэнні бяспекі на дарогах. У сучасных аўтамабілях з’яўляецца ўсё больш сістэм, якія дапамагаюць кантраляваць рух і папярэджваюць кіроўцу аб небяспецы. Так, усе новыя аўтамабілі ў ЕС цяпер у абавязковым парадку будуць сігналізаваць, калі кіроўца адцягнуўся ад дарогі.
Еўропа ўводзіць гэтыя меры ў межах доўгатэрміновага плана Vision Zero. Яго мэта — наблізіцца да нулявой смяротнасці на дарогах да 2050 года. Для гэтага ўжо ўскладнілі працэдуру атрымання вадзіцельскага пасведчання.