Кітайскія ВНУ змяняюць больш за 12 тысяч праграм навучання і робяць стаўку на ШІ
1- 14.06.2026, 18:57
Найбольшыя скарачэнні прыпалі на мастацтва, гуманітарныя навукі, замежныя мовы і менеджмент.
Кітайскія ўніверсітэты за чатыры гады скасавалі або прыпынілі 12,2 тыс. праграм бакалаўрыяту. Замест іх ВНУ адкрылі 10,2 тыс. новых напрамкаў — пераважна тэхналагічных, піша South China Morning Post.
Маштабная перабудова закранула больш за 30% універсітэцкіх праграм у краіне. ВНУ імкнуцца прыстасаваць адукацыю да новай эканомікі. Кітай робіць стаўку на высокатэхналагічныя «індустрыі будучыні», а штучны інтэлект хутка змяняе рынак працы.
Найбольшыя скарачэнні прыпалі на мастацтва, гуманітарныя навукі, замежныя мовы і менеджмент. Гэтыя напрамкі ў Кітаі ўсё часцей лічаць перанасычанымі або састарэлымі. Прычына не толькі ў тэхналогіях: у краіне захоўваецца складаная сітуацыя з працаўладкаваннем выпускнікоў, а моладзевае беспрацоўе перавышае 16%.
Новыя праграмы, наадварот, адкрываюць з улікам патрэбаў эканомікі. Напрыклад, дзевяць універсітэтаў дадалі спецыяльнасці, звязаныя з embodied intelligence — напрамкам, дзе штучны інтэлект спалучаюць з робататэхнікай і рэальнымі фізічнымі сістэмамі. У Пекіне разлічваюць паскорыць укараненне ШІ новага пакалення ў эканоміку.
Па сутнасці, кітайскія ВНУ пераглядаюць саму лагіку падрыхтоўкі кадраў: менш праграм, якія рынак лічыць састарэлымі, і больш напрамкаў, звязаных з ШІ і тэхналогіямі.