«Не прыкрывайце свае злачынствы народнай Перамогай»
7- 9.05.2026, 19:30
- 3,654
85-гадовая пецярбуржанка выйшла з такім плакатам 9 мая.
85-гадовая Людміла Васільева, якая ў дзяцінстве перажыла блакаду Ленінграда, выйшла 9 мая да Салавецкага каменя ў Пецярбургу з плакатам: «Не прыкрывайце свае злачынствы народнай Перамогай».
Васільева таксама прынесла да мемарыяла вязням ГУЛАГу букет кветак і свечку, паведамляе «Медуза».
Пенсіянерку затрымалі і адвезлі ў 43-і аддзел паліцыі. Разам з ёй у паліцыю забралі журналіста, які асвятляў акцыю.

З паліцыі Васільеву адпусцілі без складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ад яе патрабавалі напісаць тлумачэнні, але яна адмовілася, спаслаўшыся на 51-ы артыкул Канстытуцыі РФ, у якім запісана, што «ніхто не абавязаны сведчыць супраць самога сябе».
Людміла Васільева рэгулярна ладзіць антываенныя акцыі. Яе неаднаразова затрымлівалі. У 2024 годзе яна збіралася ўдзельнічаць у выбарах губернатара Пецярбурга, але не змагла сабраць дастатковую колькасць подпісаў для вылучэння. У сакавіку 2026 года запісала відэазварот, у якім заклікала да ціхага пратэсту. На відэа Васільева паказала рамонак — «простая кветка міру». Букет рамонкаў яна прынесла і 9 мая да Салавецкага каменя.