Сын расійскага Z-фігурыста Плюшчанкі будзе выступаць за Азербайджан
3- 21.05.2026, 21:22
- 1,460
Раней двойчы алімпійскі чэмпіён публічна кляйміў «тых, хто змяняе спартыўнае грамадзянства».
Двойчы алімпійскі чэмпіён па фігурным катанні Яўген Плюшчанка, вядомы сваёй актыўнай падтрымкай вайны супраць Украіны, змяніў спартыўнае грамадзянства свайму 13-гадоваму сыну Аляксандру. Як паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на Плюшчанку-старэйшага, юны фігурыст на пяць гадоў атрымаў права выступаць за Азербайджан. «У зборную Расіі ён не ўваходзіў, у гэтым сезоне з розных прычын у спаборніцтвах не ўдзельнічаў і такім чынам адседзеў карантын», — патлумачыў бацька, выказаўшы надзею на супрацоўніцтва дзвюх краін у развіцці фігурнага катання.
Сам Аляксандр (вядомы ў сацсетках як Гном Гномыч) заявіў, што «быў і застаецца рускім», а на міжнароднай арэне яму хацелася б «годна прадстаўляць нашы дзве краіны». «Веру, што Расія і Азербайджан будуць магутна развіваць зімовыя віды спорту. Хочацца, каб Расію ўсе любілі, прыязджалі. І не баяліся», — сказаў ён.
Расійскіх фігурыстаў пасля ўварвання ва Украіну не дапускаюць да чэмпіянатаў свету і Еўропы — выступаць на міжнароднай арэне могуць толькі тыя, хто змяніў спартыўнае грамадзянства. Пры гэтым у самога Аляксандра, паводле «РИА Новости», не было месца ў расійскай зборнай з-за велізарнай колькасці канкурэнтаў з чацвёрнымі скачкамі, тады як ён абмяжоўваецца толькі «стабілізацыяй трайных». На чэмпіянаце Расіі 2025 года ён заняў 18-е месца з 23 удзельнікаў.
Заслужаны трэнер Таццяна Тарасава не ўбачыла ў рашэнні Плюшчанкі страты: «Не кажыце лухту. Якая гэта можа быць страта?».
Пры гэтым раней сам Яўген Плюшчанка публічна кляйміў «тых, хто змяняе спартыўнае грамадзянства». «Я шчыра не разумею, як можна адмовіцца ад сваёй краіны, прыняць гэтыя ўмовы, адмовіцца ад спецыяльнай ваеннай аперацыі дзеля паездкі на Алімпіяду. Адмовіцца ад нашага прэзідэнта, ад нашых земляў…», — казаў ён.